Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара ЗША Узрой Зеяй
Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара ЗША па грамадзянскай бяспецы, дэмакратыі і правах чалавека Узрой Зеяй на палях сесіі Генасамблеі ААН, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
Бакі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, спосабы ціску на рэжым з мэтай дамагчыся іх вызвалення. Ціханаўская заклікала ЗША падтрымаць праграмы па рэабілітацыі былых палітвязняў, распавяла пра ідэю стварэння гарантыйнага фонду для рэпрэсаваных, які мог бы падтрымліваць сем’і палітвязняў і тых, хто выходзіць з калоній.
Зея падкрэсліла, што ЗША працягнуць падтрымліваць дэмакратычную Беларусь і будуць прыкладаць усе намаганні для вызвалення палітзняволеных, а таксама прадоўжаць падтрымліваць збор доказаў аб злачынствах рэжыму супраць чалавечнасці і незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Ціханоўская і Зея абмеркавалі сітуацыю з беларусамі за мяжой, якія засталіся без дакументаў. Вырашэннем праблемы магло б стаць спрашчэнне міграцыйнага заканадаўства для беларусаў у Еўропе і выдача новых беларускіх пашпартоў.