Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Швецыі



Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з прэм’ерам Швецыі Ульфам Крыстэрсанам распавяла пра стратэгію дэмакратычных сілаў і рашэнне, якое было прынята 6 жніўня аб еўрапейскім выбары Беларусі, а таксама пра апошні ўказ Лукашэнкі аб пазбаўленні беларусаў магчымасці зрабіць дакументы ў кансулатах.

Прэмʼер сказаў, што Швецыя падтрымлівала і будзе падтрымліваць дэмакратычную Беларусь. Святлана Ціханоўская папрасіла прэмʼера знайсці рашэнне, якое дапаможа беларусам за мяжой вырашыць пытанне з легалізацыяй, а таксама падтрымаць праект новага беларускага пашпарту. Абмеркавалі сітуацыю з санкцыямі. Ціханоўская заклікала не змякчаць санкцыі супраць калійных угнаенняў, бо гэта прывядзе да яшчэ большай беспакаранасці рэжыму, паведамляе ейная прэс-служба. Ціханоўская папрасіла падтрымаць ініцыятывы па прыцягненні рэжыму да адказнасці. Абмеркавалі сітуацыю з палітычнымі вязнямі і прысутнасцю расейскіх войск на беларускай тэрыторыі. Ціханоўская сказала, што расейскія войскі павінныя быць выведзеныя з Беларусі.

Таксама гэтым вечарам Святлана Ціханоўская падзякавала суайчыннікам за віншаванні з днём народзінаў.

Беларускае Радыё Рацыя