Святлана Ціханоўская сустрэлася з Урсуляй фон дэр Ляен
Прэзідэнтка Еўракамісіі – беларусам: „Мы будзем падтрымліваць вас столькі, колькі будзе працягвацца ваша барацьба”.
Беларуская лідарка і прэзідэнтка Еўракаміcіі Урсула фон дэр Ляен сустрэліся ў нямецкім Браўншвайгу падчас „Дня Германіі”. Разам яны ўдзельнічалі ў Форуме „Junge Union”.
Урсула фон дэр Ляен выказала салідарнасць з беларусамі і дэмакратычнымі сіламі: „Святлана, мы захапляемся адвагай мужчынаў і жанчынаў Беларусі, якія патрапілі ў турмы па палітычных прычынах. І мы не дапусцім, каб гэтыя аўтакраты тапталі свабоду і правы чалавека ў Еўропе, і мы будзем на вашым баку столькі, колькі вы будзеце весці барацьбу за свабоду Беларусі”.
Святлана Ціханоўская падзякавала кіраўніцы Еўракамісіі за падтрымку і заклікала і надалей спрыяць еўрапейскай будучыні для Беларусі.