Прэм’ер Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан на сустрэчы ў Лондане са Святланай Ціханоўскай заявіў пра падтрымку дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
«Мы адназначна на вашым баку, мы моцна падтрымліваем тое, што вы робіце. Я вельмі рады вас бачыць», — перадае ягоныя словы агенцтва Reuters.
Лонданская The Guardian напісала ў сувязі з візітам Ціханоўскай, што яна «сустрэнецца з дэпутатамі, ёй будзе прадастаўлены картэж у якасці дэманстрацыі сурʼёзнасці, з якой Вялікая Брытанія ставіцца да яе бяспекі».
Святлана Ціханоўская 3 жніўня прыбыла з рабочым візітам у Лондан, паведаміла прэс-служба беларускага дэмакратычнага лідара.
„Яна правядзе сустрэчы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Борысам Джонсанам, а таксама міністрам замежных спраў Дамінікам Раабам”, — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што Вялікабрытанія неаднаразова крытыкавала рэжым Аляксандра Лукашэнкі за рэпрэсіі беларускіх грамадзян.
Брытанская дэлегацыя ў АБСЕ стала адным з ініцыятараў запуску ў дачыненні да Беларусі Маскоўскага механізму АБСЕ для расследавання сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі. У рамках гэтага механізму прафесар Вольфганг Бенедэк падрыхтаваў даклад, у якім прыйшоў да высновы: „ёсць неабвержныя доказы таго, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня 2020 года былі фальсіфікаванымі, а сілы бяспекі Беларусі здзяйснялі масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод”.
Вялікабрытанія ў верасні 2020 года ўвяла санкцыі ў дачыненні да шэрагу службовых асоб, якіх лічыць датычнымі да рэпрэсій і фальсіфікацыі выбараў, у тым ліку ў дачыненні да Лукашэнкі.
21 чэрвеня гэтага года на сайце МЗС Вялікабрытаніі былі апублікаваныя імёны людзей і назвы дзвюх кампаній, да якіх уведзеныя новыя санкцыі.
У спісе міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка, намеснік начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Алег Белякоў, гендырэктар „Белаэранавігацыі” Леанід Чуро, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, камандуючы ВПС і войскамі СПА Ігар Голуб, начальнік галоўнага штаба — першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Андрэй Гурцэвіч, намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў, міністр абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік тэлеканала ОНТ Марат Маркаў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, дырэктар дэпартамента авіяцыі Мінтранса Арцём Сікорскі.
Дзве юрыдычныя асобы — гэта прадпрыемства „Белаэранавігацыя” і даччыная кампанія Беларускай нафтавай кампаніі ў Вялікабрытаніі.
23 ліпеня Вялікабрытанія абвясціла аб уключэнні ў свой санкцыйны спіс беларускага ААТ „Агат — электрамеханічны завод”, якое выпускае прадукцыю ваенна-прамысловага комплексу.