Святлана Ціханоўская: Свабодная краіна патрэбна нам усім



На сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай у Глыбокім завітала каля 1000 чалавек. Яна адбылася на пляцоўцы ля крамы «Белмаркет» на ўскрайку горада, у раёне Малочна-кансервавага камбіната. Але сюды прыйшлі не толькі глыбачане, а прыехалі людзі і з бліжэйшых гарадоў – Паставаў, Докшыцаў і Шаркоўшчыны. Пакуль глыбачане чакалі гасцей са сталіцы, перад імі выступіў гурт МТМ з Менску.

Калі пад’ехаў мікрааўтобус і адтуль выйшла Святлана Ціханоўская, людзі цёпла, узрушана і з кветкамі віталі кандыдатку. Разам з ёй прыехалі прадстаўнікі штаба Віктара Бабарыкі і Валерыя ЦапкалыМарыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.

Паводле Святланы Ціханоўскай, яна чакала такой масавасці:

– Чакала, таму што я ведаю, што ў нас у краіне запыт на перамены. Большасць людзей жадаюць гэтых пераменаў. І я вельмі ўдзячная, што людзі знайшлі час і магчымасці прыйсці і падтрымаць нас, усё ж рабочы дзень сёння.

З кожным горадам нас гэта ўсё больш і больш натхняе, і мы разумеем, што мы ідзём верным шляхам раз людзі прыходзяць і падтрымліваюць. Гэта вельмі важна для нас, і гэта павінна быць вельмі важным для іх. Таму што свабодная краіна патрэбная нам усім.

Прыезд гасцей людзі віталі моцнымі апладысментамі і воклічамі. Глыбачане выказаліся, чаму прыйшлі на сустрэчу:

– Хочам перамен. Жыццё хочацца пакінуць дзецям і ўнукам крыху лепшае, чым мы яго зараз маем. Нам не пакінулі выбару – толькі Святлана Ціханоўская, толькі яна дасць можа нейкую крыху надзею на светлае будучае.

–  Хочацца ўсяго новага, памяняць жыццё, каб было не толькі добра самой, але і сваім дзецям. Каб дзецям і ўнукам жылося лепш на гэтым свеце, каб яны былі забяспечаныя. Хочацца, каб нашае жыццё ўскалыхнулася ў лепшы бок.

– Надакучыла дыктатура, хацелася б чагосьці новага, свабоды. Людзі – малайцы, яны перасталі баяцца.

Падчас імпрэзы Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала распавялі пра свае планы наконт удзелу ў выбарчай кампаніі, падзяліліся хваляваннямі за сваіх дзяцей і распавялі пра пераслед іх сем’яў з боку ўладаў. А таксама заклікалі ўсіх прысутных галасаваць толькі ў дзень выбараў 9 жніўня. Выбарцаў яны прасілі абазначыць сябе белымі бранзалетамі і падтрымаць ініцыятыву «Сумленныя людзі».

Пасля Глыбокага Святлана Ціханоўская накіравалася на сустрэчу з прыхільнікамі ў Наваполацк.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

 

 

 

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя