Святлана Ціханоўская ў Давосе сустракаецца з кіраўнікамі краін
Лідарка АПКБ Святлана Ціханоўская падчас эканамічнага форуму ў Давосе правяла перамовы з прэм’ерам Бельгіі Аляксандрам дэ Кро. Яна падзякавала прэм’еру за падтрымку ў запуску Місіі «За дэмакратычную Беларусь» і запрасіла яго на афіцыйнае адкрыццё офісу 27 лютага ў Брусэлі, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай. Таксама Ціханоўская расказала пра суды над журналістамі, чыгуначнымі партызанамі, актывістамі і праваабаронцамі і падкрэсліла, што вельмі важна аказваць максімальную дапамогу рэпрэсаваным і праваабаронцам. Ціханоўская адзначыла ў размове, што многія беларусы могуць застацца без беларускіх пашпартоў, і папрасіла паспрыяць беларусам у атрыманні часовых дакументаў на тэрыторыі ЕЗ. Ціханоўская і дэ Кро абмеркавалі магчымы ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў чэрвені ў Кішынёве.
Таксама Ціханоўская ў Давосе правяла сустрэчу з герцагам Люксэмбургу Гіёмам і прэм’ер-міністрам Ксавіе Батэлем. У прыватнасці, яна таксама папрасіла Люксэмбург разгледзець пытанне дапамогі рэпрэсаваным і іх сем’ям. Таксама Свтлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду.
Ціханоўская выказала падтрымку прэзідэнтцы і яе намаганням па інтэграцыі Малдовы ў Еўразвяз.
Фота: tsikhanouskaya.org