Святлана Ціханоўская ў «Гасцях у Гардона»: пра мужа, пагрозы і вяртанне
Беларуская апазіцыянерка, кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю заснавальніку інтэрнэт-выдання „ГОРДОН” Дзмітрыю Гардону. Інтэрв’ю запісалі ў Літве, яно працягвалася больш за дзве з паловай гадзіны. Ціханоўская расказала пра тое, як і чаму вырашыла балатавацца ў прэзідэнты Беларусі і чым збіраецца займацца пасля новых выбараў, чым скончацца пратэсты ў Беларусі і чаму іх нельга параўноўваць з украінскім Майданам.
Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю сказала, што не пагадзілася б на прапанову ўлады, калі б такая прагучала, што яе муж Сяргей Ціханоўскі будзе вызвалены з СІЗА, але астатнія палітычныя зняволеныя застануцца пад арыштам.
Гардон спытаў, ці не страшна Ціханоўскай публічна, у тым ліку з высокіх міжнародных трыбун, крытыкаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ведаючы, што яе муж «фактычна з’яўляецца закладнікам у руках кіраўніцтва Беларусі».
«Страшна. Але яшчэ страшней не казаць тое, што я кажу. Таму што ў краіне цяпер тысячы зняволеных. Разумееце, на дадзены момант я не магу кіравацца толькі думкамі пра Сяргея. Ён вельмі важны для маіх дзяцей, ён вельмі важны для мяне, ён — самы блізкі чалавек. Але такіх Сяргееў шмат. Я не магу думаць пра аднаго чалавека — я адразу думаю пра ўсіх», — сказала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што вымушаная гаварыць, каб данесці інфармацыю, што ў Беларусі гвалцяць, збіваюць і зневажаюць людзей.
Беларускае Радыё Рацыя