Святлана Ціханоўская ў сераду будзе ў Бруселі
Святлана Ціханоўская ў сераду будзе ў Бруселі. Старшыня Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі выступіць на WPL Forum (Форуме палітычных лідарак).
Пра гэта ў інтэрв’ю Рацыі распавёў старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка:
– Там яна выступіць са спічам. Там яна сустрэнецца з прадстаўнікамі Еўракамісіі. Там будзе размова пра прыцягненне рэжыму да адказнасці, размовы пра санкцыі, бо зараз ужо паўтара года мы знаходзімся ў нейкім тупіку, таму што і новыя санкцыі супраць рэжыму не ўводзяцца, а некалькі краін наадварот спрабуюць змякчыць санкцыі супраць калійных угнаенняў.
Прыклад рашучасці ў тым, як варта дзейнічаць супраць рэжыму Лукашэнкі, найперш падаюць Польшча і Летува, адзначыў дарадца.
– Чым далей ад Беларусі, чым далей ад Усходняй Еўропы, тым менш разумення. Там здаецца, гэта не так важна, гэта далёка. Гэта як адзін з палітыкаў сказаў пару дзён таму назад, што калі ў Польшчы кажуць пра вайну ва Украіне, то кажуць, што гэта нашая вайна, мы павінны дапамагчы. То вось далей — у Нямеччыне, у Францыі, там кажуць, што гэта іхняя вайна, так, мы павінны дапамагчы, але гэта іхняя вайна.
Наступнай значнай падзеяй у графіку Святланы Ціханоўскай стаіць міжнародная канферэнцыя ў Вільні 12 чэрвеня. Тэмай заяўляецца «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя». Ціханоўская разам з прэм“ер-міністаркай Летувы Інгрыдай Шымонітэ пазначаныя як ганаровыя патроны форуму.
Беларускае Радыё Рацыя