Святлана Ціханоўская ў ЗША возьме ўдзел ва ўручэнні прэміі Зяленскаму
16 верасня дэмакратычная лідарка Беларусі адправіцца з візітам у Злучаныя Штаты Амерыкі. Сярод іншага, яна возьме ўдзел у цырымоніі ўручэння прэміі Global Citizen Awards Уладзіміру Зяленскаму.
Пра гэта «Позірку» паведаміў галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.
Асноўнай мэтай візіту ў ЗША стане ўдзел у мерапрыемствах Генеральнай Асамблеі ААН.
Паводле слоў Вячоркі, у Нью-Ёрку ў Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы з палітычнымі лідарамі і міністрамі замежных спраў шэрагу дзяржаў. Таксама яна возьме ўдзел у арганізаванай дэлегацыяй ЕС пры ААН дыскусіі на тэму незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.
У ЗША Ціханоўская правядзе перамовы з намеснікам дзяржсакратара ЗША па пытаннях грамадзянскай бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека Узрай Зеяй, памочнікам дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Юры Кім, намеснікам адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) Ізабэль Коўлман.
Плануюцца таксама сустрэчы з прэзідэнтам Гватэмалы Алехандра Джаматэі і міністрам замежных спраў Фінляндыі Элінай Валтанен, паведамляе Позірк.