Святлана Ціханоўская ўвайшла ў спіс 100 самых значных жанчын 2020 года



У спіс 100 самых значных жанчын 2020 года, складзены Бі-Бі-Сі, увайшла Святлана Ціханоўская. Беларуску адзначылі ў катэгорыі „Лідарства”.

На сайце Бі-Бі-Сі сёлетняя дзейнасць Ціханоўскай апісваецца так:

„Святлана Ціханоўская — былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі, дзе яна ўзначальвала нацыянальна-дэмакратычны рух. У жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра пераканаўчую перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, што выклікала пратэсты па ўсёй краіне на фоне шырокіх абвінавачванняў у фальсіфікацыях галасоў. Неўзабаве пасля выбараў, баючыся за бяспеку сваіх дзяцей, Святлана з’ехала з Беларусі ў Літву. Яна працягвае кіраваць дэмакратычным рухам у выгнанні”.

Сёлета ў спісе 100 самых значных жанчын года Бі-Бі-Сі вылучыла тых, хто ўзначальвае перамены.

У іх ліку адзначаныя, напрыклад, прэм’ер-міністр Фінляндыі Санна Марын і Сара Гілберт, якая ўзначальвае даследаванні Оксфардскага ўніверсітэта па распрацоўцы вакцыны супраць каронавірусу.

Беларускае Радыё Рацыя