Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі па правах чалавека ў Вене



«Рэжым спрабуе ўзмацніць рэпрэсіі, прыкрываючыся вайной». Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі па правах чалавека ў Вене. У выступе Ціханоўская адзначыла, што недастатковая рэакцыя свету на сфальсіфікаваныя беларускія выбары і наступствы ад гэтага прывялі да эскалацыі рэпрэсіяў, захопу самалёта, штучнага міграцыйнага крызісу, і ў рэшце рэшт – удзелу рэжыму ў вайне супраць Украіны. Сітуацыя пагаршаецца, нягледзячы на ўсе існыя міжнародныя механізмы, якія аказаліся не эфектыўныя на практыцы.

Таксама ў Вене Ціханоўская сустрэлася з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам. Яна распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, многія з якіх знаходзяцца ў крытычнай сітуацыі. Абмеркавалі сітуацыю з беларускімі ўцекачамі, якія сутыкаюцца з шэрагам абмежаванняў.

Ціханоўская адзначыла, што трэба падняць пытанне Беларусі на бліжэйшай сустрэчы Рады па правах чалавека ААН, дзе будуць прадстаўленыя дзве справаздачы, звязаныя з Беларуссю: спецдакладчыцы па міграцыі і спецдакладчыцы па правах чалавека.