Святлана Ціханоўская выступіла на Парламенцкай асамблеі NATO
Святлана Ціханоўская выступіла на Парламенцкай асамблеі NATO. Яна заклікала прадстаўнікоў дзяржаў-членаў Альянсу падтрымаць беларускіх валанцёраў ва Украіне і палітвязняў у Беларусі. Таксама палітык расказала аб планах па вываду краіны з залежнасці ад Расеі пасля змянення палітычнага рэжыму ў краіне, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская выступіла на Парламенцкай асамблеі NATO ў футболцы з партрэтам мужа і жоўтай біркай, якую прымушаюць насіць палітвязняў. У дыскусіі аб лёсе Беларусі падчас вайны ва Украіне прынялі ўдзел парламентарыі з больш як 40 краін.
Святлана Ціханоўская нагадала аб сённяшнім Дні салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, заклікала дэпутатаў падтрымаць рэпрэсаваных за палітычныя погляды. Яна расказала пра сітуацыю з Віктарам Бабарыкам, Алесем Бяляцкім, Сяргеем Ціханоўскім. Таксама папрасіла аб дапамозе беларускім добраахвотнікам, якія ваююць за Украіну. Нагадала аб сувязі Беларусі і Украіны, неабходнасці падтрымліваць тых, хто змагаецца ў абедзвюх краінах.
На заканчэнне выступлення яна выказала надзею, што Беларусь будзе надзейным партнёрам Еўрасаюза і краін NATO, выканае ўзятыя на сябе абавязацельствы і не будзе несці пагроз. Ціханоўская выклала пяціэтапны план па вываду краіны з-пад залежнасці ад Расіі. Сярод іншага ён прадугледжвае выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы, АДКБ, пачатак супрацоўніцтва з еўрапейскімі структурамі і міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці ўступленне ў Рады Еўропы.
Гэта першы выступ Ціханоўскай на ПА НАТА.