Святлана Ціханоўская выступіць перад Саветам Бяспекі ААН



22 студзеня пройдзе анлайн-пасяджэнне Савета бяспекі ААН аб свабодзе СМІ ў Беларусі. Сустрэча ініцыяваная Членамі Савета бяспекі Эстоніі, Францыі, Ірландыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі і ЗША, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская зверне ўвагу на справы Ігара Лосіка, які галадае больш за месяц, журналістаў Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовай, медыяменеджара Андрэя Аляксандрава. Таксама яна раскажа пра справу Сяргея Ціханоўскага, па якой судзяць Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу, Яўгена Разнічэнку, – і падзеліцца іншымі гісторыямі вязняў сумлення.

Святлана падыме пытанне міжнароднага расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і склікання фармальнай сесіі Савета бяспекі ААН па пераадоленні крызісу ў Беларусі. Гэта другое пасяджэнне Савета бяспекі ААН з удзелам Ціханоўскай. Першае было 4 верасня, і тады яна заклікала ўвесці санкцыі супраць тых, хто мае дачыненне да парушэння правоў чалавека ў Беларусі і прыняць меры для спынення гвалту.