Святлана Ціханоўская вывезла дзяцей у Еўразвяз
Галоўная рэдактарка заблакаванага ў Беларусі сайта „Хартыя-97” Наталля Радзіна заявіла пра тое, што дапамагла Святлане Ціханоўскай вывезці дзяцей у Еўразвяз, паведамляе TUT.BY .
Наталля Радзіна распавяла пра гэта ў інтэрв’ю журналістцы Вользе Раманавай.
– Я знаходжуся цяпер у камандзіроўцы ў адной з краін Еўразвяза. Я займалася зараз пераездам сюды дзяцей кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскі. Яна звярнулася да мяне па дапамогу, і наша каманда вырашыла ёй дапамагчы. Дзяцей мы вывезлі, паколькі ёй сапраўды пагражалі – ёй пагражалі арыштам і тым, што забяруць яе дзяцей, – паведаміла Радзіна.
Па словах Радзінай, дзеці Ціханоўскі цяпер у бяспецы, разам са сваёй бабуляй.
Святлана Ціханоўская пацвердзіла гэту інфармацыю TUT.BY:
— Так, дзеці сапраўды ў бяспечным месцы, Наталля дапамагла нам гэта зрабіць.
У пары Ціханоўскіх двое дзяцей — 4-гадовая дачка і 10-гадовы сын.
Фота: TUT.BY