Святлана Ціханоўская: Я іду ў прэзідэнты дзеля вас усіх
У Менску ўвечары 30 ліпеня ў парку Сяброўства народаў у раёне плошчы Бангалор адбылася перадвыбарчая сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай з выбарцамі. Сустрэча была арганізавана як мітынг- канцэрт і працягвалася больш за 3 гадзіны. Удзельнічалі ў ёй дзясяткі тысяч грамадзянаў.
Свой выступ Святлана Ціханоўская пад бурныя воплескі і авацыі пачала па-беларуску:
– Добры вечар, Менск. Мяне завуць Святлана Ціханоўская. Я – кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Я іду ў прэзідэнты не дзеля сябе, я іду ў прэзідэнты дзеля свайго мужа, дзеля сваіх і вашых дзяцей, дзеля вас усіх.
Святлана Ціханоўская нагадала, што пайшла на выбары толькі таму, што ўлады арыштавалі яе мужа, які вылучаўся кандыдатам на гэтую пасаду. «Таму я апынулася ў палітыцы не дзеля ўлады, а дзеля справядлівасці», – кажа Святлана Ціханоўская:
– Мы аб’ядналіся з камандамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Мы стварылі моцную каманду дзеля агульнай мэты – будаваць новую Беларусь!
У выніку перамогі я зраблю тры рэчы, – кажа Святлана Ціханоўская. Я вызвалю палітзняволеных і эканамічных зняволеных. Па-другое, правяду рэферэндум па вяртанні Канстытуцыі 1994 года, дзе ёсць абмежаванні паўнамоцтваў і тэрміна кіравання прэзідэнта. І па-трэцяе, на працягу паўгода ствару ўмовы і правяду сумленныя і незалежныя выбары новага прэзідэнта, – паабяцала Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: TUT.BY