Святлана Ціханоўская заклікала прызнаць Беларусь краінай пад часовай ваеннай акупацыяй
Святлана Ціханоўская заклікала прызнаць Беларусь краінай пад часовай ваеннай акупацыяй (раней з такім жа заклікам выступіла Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі).

Таксама яна прапануе прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да трыбуналу ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Акрамя гэтага, палітык хоча, каб іншыя краіны адрэагавалі на катаванні ў турмах Беларусі і ўмовы ўтрымання палітвязняў.
Заявы Ціханоўскай прагучалі падчас сустрэчы з 27 пасламі краін ЕЗ у Жэневе, якія прадстаўляюць свае краіны ў ААН.
У чацвер на пасяджэнні Савета па правах чалавека ААН быў прэзентаваны даклад пра Беларусь, у якім „сабраныя доказы злачынстваў рэжыму супраць чалавечнасці”. Святлана Ціханоўская мяркуе, што ён можа паспрыяць „адкрыццю новых спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі”, а таксама „міжнародным расследаванням па ўсёй Еўропе”.
