Святлана Ціханоўская завершыла працоўны візіт у Францыю



Святлана Ціханоўская здзейсніла візіт у Францыю. Чатырохдзённая паездка ўключала болей 15 працоўных сустрэч, болей дзесятка інтэрв’ю і ўдзел у некалькіх мерапрыемствах па беларускім пытанні. У прыватнасці, Ціханоўская паспела правесці перамовы са старшынём Еўрапейскай дэмакратычнай партыі Франсуа Байру, дарадцам па знешнім гандлі Францыі Фрэдэрыкам Пэці, кіраўніком французскага МЗС Жан-Іў Ле Дрыянам, старшынём Сенату Жэрарам Ларшэ, старшынём Канстытуцыйнай Рады Лоранам Фабіюсам, мэрам Парыжу Анн Ідальго, экс-прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аландам, з шэрагам дэпутатаў французскага парламенту, 20-цю амбасадарамі ды многімі іншымі персонамі.

Культурніцкая праграма візыту ўключала адкрыццё фотавыставы беларускіх журналістак, наведванне парыжскай Оперы, плафон якой распісаў віцебскі мастак Марк Шагал, і карціннай галерэі Аранжэры, дзе знаходзяцца працы Хаіма Суціна, мастака з-пад Менску. Напрыканцы візыту Святлана Ціханоўская паўдзельнічала ў мітынгу беларускай дыяспары і усклала кветкі да помніка Адаму Міцкевічу, класіку беларускай і польскай літаратуры, нараджэнцу Наваградчыны.