Святлана Ціханоўская звярнулася да народа і прэзідэнта Украіны
Святлана Ціханоўская звярнулася да народа Украіны і прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Яна нагадала, што ў атмасферы тэрору дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы з пратэстам пасля татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. 900 чалавек было затрымана за два дні. Усе яны разумелі, на што ідуць. У Беларусі пачаўся Антываенны Рух.
„Людзі ўнутры краіны выводзяць са строю шляхі падыходу ваеннай тэхнікі. Беларусы замежжа збіраюцца да вас на фронт, дапамагаюць бежанцам і займаюцца пастаўкамі экіпіроўкі і медыкаментаў. Беларусы Украіны ідуць у валанцёры, дапамагаюць тэрытарыяльнай абароне. Беларускія маці пераконваюць вайскоўцаў не ісці на вайну – і ў іх пачынае атрымлівацца. Беларусы фармуюць нацыянальны корпус з добраахвотнікаў і вайскоўцаў, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады Лукашэнкі. Такіх беларусаў усё больш, і яны — вашыя саюзнікі. Цяпер і назаўсёды».
Таксама Ціханоўская у сваім твітэры падтрымала заклік да краінай-чальцоў НАТА закрыць паветраную прастору над Украінай: «Гэта вельмі важна для бяспекі Ўкраіны і Беларусі. Ракеты і ваенныя самалёты, якія штодня запускаюцца з нашай краіны, знішчаюць гарады і забіваюць людзей. Увядзенне беспалётнай зоны блакуе ўдзел Беларусі і дапаможа пазбегнуць большай колькасці ахвяраў».
Сёння Ціханоўская прыме ўдзел у антываеннай акцыі ля расейскай амбасады ў Вільні. Ейны выступ прызначаны а 18-00 паводле мясцовага часу.