Святлана Завадская: Шмат падобных дэталяў



Святлана Завадская, жонка зніклага ў 2000 годзе аператара расейскага тэлеканалу ОРТ Змітра Завадскага, пракаментавала Радыё Свабода прызнанне Юрыя Гараўскага, які кажа, што быў байцом спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР) Унутраных войскаў МУС Беларусі пад камандаваннем Дзмітрыя Паўлічэнкі.

«Шмат падобных дэталяў. Вось пра тое, што ў Ганчара на назе не было двух пальцаў, я ня ведала. Але я запытала ў Ірыны Красоўскай, пра гэта і яна напісала, што памятае звесткі, нібыта ў лазні Ганчар хадзіў у закрытых гумавых тапачках. Але я ж сама гэтага ня бачыла, таму больш казаць ня буду. Але калі гэта праўда, гэтая дэталь, то тады ва ўсё можна верыць.

Магу параўноўваць з тым, што раней ведала. Сапраўды большасць дэталяў падобная. Нават пра тое, што Ганчар і Красоўскі былі закапаныя на нейкай закрытай тэрыторыі, на нейкай базе, а Дзіму (Завадскага – Р. С.) і Захаранку пахавалі на Паўночных могілках. Бо са мной у 2010 годзе звязваўся праз інтэрнэт чалавек, які сябе не назваў, і ён казаў, што бачыў нейкія дакументы, у якіх былі ўказаныя месцы іх пахавання менавіта на Паўночных могілках. І ў інтэрв’ю гэтага Гараўскага таксама – розныя месцы пахавання Захаранкі ды Ганчара з Красоўскім.

Потым – кроў Ганчара, адкуль яна ўзялася? Гэты собравец кажа што ён трапіў яму па твары ланцугом, пабілі шкло. Але ж гэтак і было на месцы выкрадання Ганчара і Красоўскага: і шкло, і кроў, якую потым экспертыза вызначыла, як кроў менавіта Ганчара. Дык як мне ацэньваць гэтыя паказанні? Або гэтак, што чалавек добра падрыхтаваўся, каб атрымаць палітычны прытулак на Захадзе, або сапраўды ўсё так і ёсць. Мяркую, цяпер гэтым мусіць заняцца наш адвакат, наш прадстаўнік. Магчыма, мы зробім асобную, ці агульную заяву і трэба дамагацца аднаўлення справаў па зноў адкрытых абставінах».

Пры гэтым Святлана Завадская пакуль ня ведае, што далей рабіць са звесткамі, якія агучыў Юрыя Гараўскі, бо на яе думку ў цяперашняй Беларусі правяраць гэтыя звесткі афіцыйнае следства не стане.

«Пры цяперашняй уладзе мы з гэтай інфармацыяй мала што можам зрабіць. Мяне трасе, калі ўсё гэта чытаю, а нічога не магу зрабіць. Спрабую нешта прыдумаць. Вось ён кажа, што можа ўказаць месца, дзе забілі Ганчара і Красоўскага. І што, калі мы туды прыедзем, што будзе? Хто нам дазволіць туды прайсці? І ўвогуле я перакананая, што іх целы ўжо не знойдзеш.

Як знялі Алега Бажэлку (былы генеральны пракурор – РС) і Мацкевіча (былы старшыня КДБ – РС), дык потым Павел Шарамет мне распавядаў, што нібыта дайшла інфармацыя, што ўсё ўжо падчысцілі. Нават Хрыстас Пургурыдэс, (дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы – РС), калі зрабіў сваё расследаванне, а ён быў дасведчаным, займаўся знікненнямі яшчэ на Кіпры, казаў нам, сыходзячы са свайго досведу, што мы ніколі не знойдзем целаў сваіх сваякоў.

Дакладна гэтак: «Мне страшна вам гэта казаць, але целаў вашых мужоў ніколі не знойдуць». У тым ліку ён сыходзіў з таго, як рэагуюць Навумаў і Сівакоў, (колішнія кіраўнікі МУС – РС), з якімі размаўляў. Казаў, што яны нават не дадумаліся адказваць аднолькава пра расследаванне, настолькі былі ўпэўненыя, што ніхто нічога не знойдзе. Адзін казаў, што заказвалі абсталяванне для пошуку, другі абвяргаў гэта, нібыта нічога не заказвалі. Пургурыдэс меркаваў, што яны хлусілі, і яго гэта пераканала ў тым, што целаў ужо няма».

svaboda.org