Святы прастол настойвае на дазволе арцыбіскупу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь



Святы прастол умяшаўся ў справу старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому ўлады Беларусі не дазваляюць вярнуцца на радзіму і анулявалі пашпарт, паведамляе афіцыйны партал навінаў Ватыкана са спасылкай на дзяржаўнага сакратара Святога прастола кардынала П’етра Параліна.

Кіраўнік дыпламатыі Ватыкана паведаміў, што пытанне аб сітуацыі з арцыбіскупам Кандрусевічам уздымалася падчас візіту ў Менск 11—14 верасня сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята Святога прастола арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера. У той жа час ён адзначыў, што дакладныя вынікі яго візіту яшчэ не вядомыя.

„У любым выпадку мы настойваем на тым, каб біскуп мог вярнуцца ў сваю дыяцэзію і працягваць кіраваць сваёй паствай”, — падкрэсліў кардынал Паралін. У той жа час ён адзначыў, што касцёл заўсёды павінен быць „стымулам дыялогу, згоды і міру”.

Каментуючы паўторнае запрашэнне папы рымскага ў Беларусь, перададзенае ўладамі краіны падчас візіту арцыбіскупа Галахера, дзяржсакратар Святога прастола заявіў, што „Беларусь заўсёды выяўляла вялікую цікавасць да візіту папы”. Аднак, паводле яго слоў, гэтыя планы не былі канкрэтызаваныя, а цяпер яны заблакаваныя на нявызначаны тэрмін пандэміяй COVID-19.

„Думаю, што гэта адзін з візітаў, які папа будзе разглядаць”, — разам з тым адзначыў кардынал Паралін.

Праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 11 жніўня, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў са зваротам, у якім заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт.

15 жніўня ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў з заклікам пачаць „канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян”. „Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. <…> Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле”, — зазначыў каталіцкі іерарх.

На мітынгу ў сваю падтрымку ў Гродне 22 жніўня Лукашэнка парэкамендаваў духавенству „супакоіцца і заняцца сваёй справай”, а таксама заявіў, што „цэрквы, касцёлы — не для палітыкі”. Ён заклікаў служыцеляў царквы „не ісці за адшчапенцамі”. „Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”, — адзначыў Лукашэнка.

31 жніўня памежнікі без тлумачэння прычын не ўпусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. Ён правёў на мяжы каля трох гадзін і быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу, пасля звярнуўся па тлумачэнні ў Дзяржпагранкамітэт.

14 верасня партал беларускага касцёла паведаміў, што, згодна з адказам кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Аляксандра Лапо, арцыбіскупа Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, таму што органы ўнутраных спраў прынялі рашэнне аб прызнанні яго пашпарта несапраўдным. Каталіцкі іерарх прыняў рашэнне звярнуцца ў МУС для высвятлення сітуацыі.

belapan.by