Сябры АГП рыхтуюцца фіксаваць парушэнні на Берасцейшчыне



Максімальна фіксаваць парушэнні выбарчага заканадаўства і выносіць іх у публічную прастору будуць сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі на Берасцейшчыне.

12071006

Толькі адзін прадстаўнік ад дэмакратычных сіл па Берасцейскай вобласці будзе назіраць за празрыстасцю выбарчага працэса ў тэрытарыяльнай камісіі – гэта сябра Берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, юрыст Сяргей Магонаў.

Кажа адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу па вылучэнню кандыдатам на пасаду прэзідэнта Анатоля Лябедзькі Уладзімір Вуек:

– Мы разлічваем, што сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Магонаў, які ўвайшоў у гэтую камісію, будзе ўважліва сачыць за сітуацыяй. Мы таксама чакаем тыя матэрыялы з участковых камісій, якія да яго будуць трапляць, то бок для таго, каб ён мог рэагаваць. Гэта канешне людзі, якія ўвойдуць ва ўчастковыя камісіі, гэта назіральнікі, гэта могуць быць таксама выбаршчыкі, якія бачаць, што недзе ёсць парушэнні, паведаміць гэта ў тым ліку нашаму прадстаўніку ў абласной камісіі.

У склад выбарчай камісіі па Берасцейскай вобласці ўвайшло 13 чалавек, 12 з якіх – праўладныя кадры: сябры арганізацыі „Белая Русь”, БРСМ, афіцыйныя прадстаўнікі працоўных калектываў, органаў улады.

Агулам у выбарчыя камісіі па краіне прадстаўнікі партый дэмакратычнага кірунку падалі 63 заяўкі, 10 з якіх былі зацверджаныя ў якасці сябраў камісій.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце