Сябры АГП сустрэліся з дэпутатамі Нацыянальнага сходу
Cябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі схадзілі на прыём да дэпутатаў Нацыянальнага сходу, які прайшоў ў Гародні.
Усе чатыры дэпутаты Тамара Даўгашэй, Віктар Русак, Лілія Кір’як і Сяргей Пацэвіч, якія прадстаўляюць гарадзенскія акругі, атрымалі праекты зменаў Выбарчага кодэксу, распрацаваныя партыяй. Людзі чакаюць пераменаў, кажа старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Салянік.
– Народу патрэбныя перамены. Нельга бясконца падманваць людзей. Трэба дапускаць назіральнікаў да падліку галасоў. Па схеме, прадстаўленай Ярмошынай, за 15 метраў, бліжэй нельга дапускаць назіральніка. Кандыдаты не маюць права мець сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковых выбарчых камісіях. Гэтыя камісіі фармуюцца адміністрацыяй.
Сярод правак у Выбарчы кодэкс, якія хвалююць сяброў АГП, – правы назіральніка, неабмежаваны статус для датэрміновага галасавання, падлік галасоў, месца скрыні для выбарчых бюлетэняў. Гэтыя праўкі да Выбарчага кодэксу сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі плануюць перадаць дэпутатам Нацыянальнага сходу па ўсёй краіне. Таму акцыя носіць агульнанацыянальны характар. Дэпутаты ўжо на восеньскай сесіі могуць скарыстацца сваім правам для перагляду існуючага выбарчага заканадаўства.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня