Яўгену Васьковічу абяцалі доўгатэрміновае спатканне з маці



Родныя, сябры і аднадумцы палітзняволенага Яўгена Васьковіча накіравалі яму ў калонію №15 за апошні час некалькі бандэроляў з неабходгымі рэчамі.

Па словах аднаго з удзельнікаў па стварэнню Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Пракаповіча, Яўген адчувае сябе дастаткова добра.

Хаця трэба ўлічыць, што знаходзячыся да гэтага у турме №4 у Магілёве, ён адбыў у штрафным ізалятары 247 сутак, што не магло не адбіцца на яго здароў’і. Аднак лісты Васьковіча з няволі заўсёды добрыя і пазітыўныя.

 – Ён выйшаў на працу, працуе. Дзякуй Богу, больш-менш добра сябе адчувае, але праблемы са здароўем у яго ёсць. Яму перададзеная медыцынская бандэроль канцылярская бандэроль, кнігі, цёплая вопратка. Яўгену абяцалі доўгатэрміновае спатканне з маці.

“Спатканне запланавана на пачатак наступнага месяца – з 5 па 6 лютага. І Яўген і яго маці вельмі чакаюць гэтага спаткання”, – сказаў Павел Пракаповіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сустрэліся ў Бабруйску з маці палітвязня Яўгена Васьковіча Рушаніяй Іванаўнай і перадалі ёй рэчы, якія былі закуплены для яе сына.

Па словах сябра аргкамітэта па стварэню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Пракаповіча, усе гэтыя рэчы набыты за ахвяраванні, сабраныя актывістамі розных партыяў і рухаў, а таксама неабыякавамі грамадзянамі. Усяго амаль на 3,5 мільёны рублёў:

– Рушаніі Іванаўне мы зараз перадалі прадметы гігіены, цёплыя рэчы, бялізну цёплую і канцылярскія прылады. Рушанія Іванаўна перадавала прывітанні, дзякавала ўсім, хто перажывае і хто піша лісты Яўгену Васьковічу.

У бліжэйшы час Рушанія Іванаўна збіраецца даслаць усе гэтыя рэчы свайму сыну ў магілёўскую калонію № 15.

Яўген Васьковіч асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за акцыю пратэсту супраць палітычных рэпрэсій каля бабруйскага КДБ.

Малады чалавек кінуў бутэльку з „кактэйлем Молатава” на ганак будынку, што было кваліфікавана як злоснае хуліганства і пашкоджанне маёмасці.