Сямашка: Нафтагазавае пытанне па-ранейшаму асноўнае ў адносінах з Расеяй



Пытанне цэнаўтварэння на энерганосьбіты, якія пастаўляюцца з Расеі, застаецца асноўным у беларуска-расейскіх адносінах, заявіў пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка ў інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1” 18 лістапада.

Сямашка, які 15 гадоў быў віцэ-прэм’ерам Беларусі, прызначаны на дыпламатычную пасаду 13 лістапада. Ён таксама прызначаны па сумяшчальніцтве паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры Эканамічным савеце СНД і пры АДКБ, спецыяльным прадстаўніком Беларусі па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД, АДКБ.

„Што тычыцца нафтагазавага пытання — гэта адно з асноўных пытанняў адносін эканамічных, і палітычных, і сацыяльных, калі хочаце, — сказаў Сямашка. — Таму што так ужо склалася, што 85% першасных энерганосьбітаў мы імпартуем, у асноўным, з Расеі”. Ад рашэння пытанняў у гэтай сферы шмат у чым залежыць эканамічная сітуацыя ў Беларусі, падкрэсліў пасол.

Ён выказаўся за выраўноўванне ўмоў гаспадарання ў дзвюх краінах. „Ну, гэта парадокс: мы, здаецца, дэкларуем, што мы Саюзная дзяржава, расейская і беларуская, што мы знаходзімся ў адзіным Еўразійскім эканамічным саюзе, але, разам з тым, узяць два суб’екты гаспадарання — беларускі МАЗ і расейскі КамАЗ. КамАЗ плаціць 4 цэнты за кілават-гадзіну, а МАЗ — 11 цэнтаў. КамАЗ плаціць дзесьці 65 даляраў за тысячу кубаметраў газу, а МАЗ павінен плаціць 276 даляраў. Гэта сведчыць пра няроўныя ўмовы”, — падкрэсліў Сямашка.

Паводле яго слоў, зніжэнне коштаў на пастаўляныя ў Беларусь нафту і газ вельмі моцна дапамагло б рэальнаму сектару эканомікі, транспартнай сферы, сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

belapan.by