Сямашка распавёў, колькі часу зойме інтэграцыя Беларусі і Расеі
Пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка распавёў, колькі часу зойме інтэграцыя Беларусі і Расеі. Сямашка правёў сустрэчу з кіраўнікамі буйных расейскіх СМІ ў Клубе галоўных рэдактараў ТАСС.
Па ягоных словах, выхад на рашэнні па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі Расеі і Беларусі можа заняць, «магчыма, паўтара-два гады». Яшчэ раней ў Беларусі стварылі працоўную групу па выпрацоўцы прапаноў пра далейшае развіццё беларуска-расейскай інтэграцыі. Яе ачольвае міністр эканомікі Дзмітрый Круты. Такім чынам, паводле палітолага Паўла Усава, – кіраўнік дзяржавы дэманструе бязвыхаднасць свайго становішча:
– Ён пастаўлены ў такія ўмовы, што не ў стане штосьці супрацьпаставіць эканамічнаму ціску з боку Масквы. І вымушаны ісці на нейкія саступкі. Але на якія Беларусь мусіць пайсці саступкі, каб атрымаць зніжаныя кошты на нафту і газ, каб атрымаць нейкую кампенсацыю за падаткавы манеўр, мы, як грамадзяне Беларусі, проста не ведаем.
Аляксандр Лукашэнка таксама назваў умовы паглыбленага саюзнага будаўніцтва з Расеяй і чарговы раз заявіў: «Мы павінны абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць». Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка не лічыць цяперашні момант адносін з Расеяй нейкім крытычным або вострым.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ТАСС