Сям’я Захаранкі хадайнічае аб спыненні расследавання па справе знікнення
Сям’я бясследна зніклага ў траўні 1999 года экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі накіравала хадайніцтва ў Следчы камітэт Беларусі, у якім просіць спыніць расследаванні па справе аб яго знікненні і выдаць усе дакументы для азнаямлення. Пра гэта паведаміў Алег Волчак, прадстаўнік пацярпелага боку — маці зніклага апазіцыйнага палітыка Ульяны Захаранкі.
У хадайніцтве на імя старшыні Следчага камітэта Валянціна Шаева Ульяна Захаранка і яе прадстаўнік Алег Волчак просяць паведаміць, на якіх падставах дагэтуль не прынята працэсуальнае рашэнне аб спыненні вытворчасці па крымінальнай справе па факце знікнення Юрыя Захаранкі.
На падставе артыкула 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі яны прапаноўваюць спыніць вытворчасць па крымінальнай справе і даць ім магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.
„Нас непакоіць, што справа будзе вечна расследавацца, каб сваякі і грамадскасць не маглі атрымаць інфармацыю пра вынікі 15-гадовага расследавання, — растлумачыў Алег Волчак.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info