«Сярэдні «ўчастак» па Віцебску: датэрмінова прагаласавала каля 20%



Паводле звестак ЦВК, у Віцебску датэрмінова прагаласавалі 38,26% выбарцаў. Незалежныя назіральнікі паведамляюць, што на іхных участках колькасць тых, хто прагаласаваў, значна меншая.

Канстанцін Смолікаў, назіральнік на ўчастку №41 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі, адзначае:

– Па падліках камісіі, прагаласавалі 360 чалавек з 1763. Гэта каля 20%. Паводле нашых падлікаў, прагаласавала трошкі меней, але неістотна: у некаторыя дні падлікі ў нас супадалі, а ў некаторыя разыходзіліся на 10-8 чалавек.

 

Участак №41 – гэта 9 жылых дзевяціпавярховых дамоў па вуліцы Петруся Броўкі ў Віцебску. Паводле Канстанціна Смолікава, датэрмінова галасавалі людзі рознага веку, некаторыя казалі, што датэрмінова прагаласаваць ім загадалі на працы. На ўчастку няма студэнцкіх інтэрнатаў, і таму не было прэцэдэнтаў масавага датэрміновага галасавання.

На тых участках, дзе працавалі незалежныя назіральнікі, колькасць тых, хто прагаласаваў, практычна не перавышала 30%. А на некаторых была і значна ніжэйшай: 11% – на ўчастку №49, 14% – на ўчастку №59, 18% – на ўчастку №40 Віцебскай-Чкалаўскай акругі. Пры гэтым некаторыя назіральнікі ўсё адно адзначалі факты прыпісак.

Але там, дзе назіральнікаў не было, камісіі зафіксавалі незвычайна высокую яўку ахвотных прагаласаваць датэрмінова. Яскравы прыклад – участкі №12 і №13 Віцебскай – Горкаўскай выбарчай акругі. Абодва месцяцца ў сярэдняй школе №25, але на адным з іх, дзе ёсць незалежны назіральнік, зафіксаваная колькасць тых, хто прагаласаваў, -462 чалавекі, а дзе незалежных назіральнікаў няма – 910 чалавек, што складае ажно 43% ад колькасці выбарцаў на гэтым участку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск