Сяргей Аляксашанка: Інтэграцыя Беларусі можа прайсці па крымскім сцэнары
Адсутнасць дамоўленасцей паміж Масквой і Менскам пра газ, нафту і падаткі „палітычна азначае, што ніякай паглыбленай інтэграцыі пакуль не прадбачыцца”.
Такое меркаванне ў інтэрв’ю радыёстанцыі „Эхо Москвы” выказаў расейскі эканаміст, былы першы намеснік старшыні Цэнтрабанка Расіі (1995—1998) Сяргей Аляксашанка.
„Прэзідэнт Беларусі Лукашэнка выставіў дастаткова зразумелыя ўмовы. Калі мы гаворым аб паглыбленай інтэграцыі, то эканамічныя ўмовы вядзення бізнесу для беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў павінны быць аднолькавымі. Гэта значыць цана на газ для беларускіх прадпрыемстваў павінна быць такая, як для смаленскіх, за выключэннем невялікай розніцы ў транспартным плячы. І тое ж самае з нафтай”, — адзначыў Аляксашанка.
На яго думку, бакі працягнуць перамовы. „План інтэграцыі павінен быць запушчаны з 2021 года. Гэта значыць час яшчэ ёсць і можна паспрабаваць дамовіцца пра нешта на працягу наступнага года. Але пакуль гэта (адсутнасць адзіных цэн на энерганосьбіты. — БелаПАН.) непераадольная ўмова для паглыблення інтэграцыі”, — заявіў эканаміст.
Як лічыць Аляксашанка, інтэграцыя будзе праходзіць не на нечых, а на кампрамісных умовах: „Я думаю, што Лукашэнка разумее. У яго інтэрв’ю некалькі разоў гучала: я разумею, што ў нас вагі не роўныя, але тым не менш я хачу з павагай, каб вы мяне любілі, які я ёсць. Каб па ўзаемнай згодзе”.
У той жа час эканаміст не выключае, што інтэграцыя Беларусі можа прайсці паводле крымскага сцэнара: „Чаму не? Трактарысты са Смаленска, з Бранскай вобласці заедуць туды, у мясцовым ваенгандлі нешта закупяць — і інтэгруюць Беларусь паводле крымскага сцэнара. Ніякай згоды ні ад прэзідэнта Беларусі, ні ад парламента Беларусі няма. Ад парламента Беларусі спатрэбіцца, таму што там ўстануць аўтаматчыкі, як у Крыме, снайперы, і пад дуламі аўтамата члены парламента прагаласуюць як трэба, абвесцяць рэферэндум, які таксама палічаць правільна”.