Сяргей Антончык: Апазіцыя больш не нараджае
У мінулым вядомы прафсаюзны актывіст і дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык выказаўся пра новае пакаленне палітыкаў у Беларусі.
Сяргей Антончык: Як бачым, новыя палітычныя актывісты з’яўляюцца па-за апазіцыяй. Апазіцыя больш не нараджае, яна не можа прадуцыраваць, таму будуць узнікаць людзі збоку, як той самы блогер Сяргей Ціханоўскі, які не належыць ні да якой партыі. Але добры блогер – яшчэ не значыць, што ён добры кандыдат у прэзідэнты.
Хаця лічу Ціханоўскага дастаткова мужным чалавекам, бо сёння і насамрэч трэба мець мужнасць, каб актыўна займацца палітычнымі справамі. Ды яшчэ і замахнуцца на святую карову – прэзідэнцкае крэсла.
Па-другое, яго захады, каб узрушыць грамадства, дастаткова арыгінальныя. Таму я не супраць, каб моладзь шукала розныя крэатыўныя падыходы. Іншая справа, што Ціханоўскі ў гэтай сваёй барацьбе не павінен цешыць сябе надзеяй на нейкую перамогу.
РР: Ніякіх шанцаў?
Сяргей Антончык: Пры аўтарытарызме не можа перамагчы ніводны альтэрнатыўны кандыдат па той простай прычыне, што яму не дадуць гэта зрабіць. Таму будзем лічыць, што Ціханоўскі наступае на старыя граблі, але наступае досыць арыгінальна.
Ягоныя сустрэчы з людзьмі, выступы – усё гэта палягае ў межах эмоцый. З пункта гледжання сур’ёзнай палітыкі я гэта не ўспрымаю.
Увогуле, тое, што людзі ідуць на выбары, гэта ўжо памылка і не дасць ніякага плёну. Проста робяць працэс перапрызначэння Лукашэнкі больш вясёлым. Усе ўдзельнічаюць, працэс ідзе. Гэта ізноў паказвае, што грамадскі заказ вельмі слабы. Больш за дваццаць гадоў панавання аўтарытарызма прывёў да сумнага выніку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя