Сяргей Антончык: Незалежная Беларусь цалкам залежыць ад Расеі
Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Сяргей Антончык разважае напярэдадні Дня незалежнасці, наколькі сёння незалежная краіна, і хто нясе асноўныя пагрозы для беларускага суверэнітэту.
“За гістарычна кароткі тэрмін Беларусь здзейсніла вялікі рывок у сваім развіцці, – заявіў учора беларускі кіраўнік. – Яна здзейсніла мару многіх пакаленняў пра стварэнне суверэннай і незалежнай дзяржавы”.
Сяргей Антончык: Так, юрыдычна Беларусь – незалежная краіна. Але фактычна цяжка назваць суверэннай краіну, дзе поўным ходам ідзе русіфікацыя, калі адчуваецца амаль поўная залежнасць ад Расеі. Асноўныя дзяржаўныя рэчы – сімвалы, мова, культура, традыцыі, навука, тэлебачанне, кадры, прамысловасць – усё залежыць ад усходняга суседа. Таму, як мне падаецца, фактычнай незалежнасці Беларусь не мае. І за гэта прыйдзецца змагацца.
РР: Некаторыя мяркуюць, што для беларускай незалежнасці сёння існуе пагроза, хоць улады ніякіх небяспек не бачаць. Вашае меркаванне з гэтай нагоды?
Сяргей Антончык: Найперш існуе пагроза аднаму з асноўных атрыбутаў дзяржаўнасці – эканоміцы. Ды і абаронная прамысловасць, армія наўпрост звязаная з Расеяй. У такіх выпадках кажуць, што існуе пагроза асновам дзяржавы. Калі няма незалежнай эканомікі, мы не можам забяспечыць людзям прыстойнае жыццё. Гэта небяспека для будучыні любой краіны, для каштоўнасцей, за якія трымаецца і змагаецца любая дзяржава.
РР: Ці разумеюць простыя беларусы гэтыя небяспекі з Усходу?
Сяргей Антончык: На жаль, не разумеюць, таму што краіну накрыла эпоха спажывання. Гэта такая псіхалагічна новая сітуацыя, калі людзям галоўнае нешта набыць, зарабіць і быць у той агульнай прасторы, дзе добра. Адзін мой знаёмы падчас дыскусіі наконт магчымага паглынання Расеяй Беларусі сказаў так: “Няхай паглынаюць, больш заробкі ў нас будуць”. Вось тэрмінам “няхай паглынаюць, толькі б мне было добра”, на вялікі жаль, шмат людзей і думае. Не хацелася б, каб так было, але гэта факт. Адзінае чаго беларусы баяцца, дык гэта ўдзелу ў ваенным канфлікце. Ваяваць за Расею ці нейкую інтэграцыю нашыя людзі не хочуць. Але і вялікай небяспекі з боку Расеі не ўяўляюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя