Сяргей Антончык: Штраф – як мая пенсія за тры месяцы
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык пракаментаваў судовы канвеер, які пачаўся ў Беларусі.
Нагадаем, што зараз працягваюцца суды над удзельнікамі акцый у абарону незалежнасці краіны. Да адміністрацыйнага арышту на “сутках” асудзілі 11 чалавек (і некаторыя ўжо выйшлі на волю), а астатнім прысуджаюць вялікія штрафы.
Напрыклад, экс-дэпутату Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргею Антончыку, згодна з рашэннем суда, неабходна заплаціць 810 рублёў штрафа за ўдзел у акцыі 20 снежня.
Сяргей Антончык: Калісьці Зянон Пазьняк правільна сказаў, што ў Беларусі адбываецца акупацыя, а ў краіне дзейнічае прарасейскі рэжым, які пад выглядам пасеўдавыбараў заяўляе пра сваю легітымнасць.
І сёняшнія суды яскрава паказваць, што беларуская ўлада – гэта не гарантыя незалежнасці. Гарантыяй могуць быць толькі людзі, якія змагаюцца за гэтую самую незалежнасць. Ва Украіне так званым гарантам незалежнасці быў Віктар Януковіч, а зараз ён сядзіць у Расеі і баіцца паказвацца ва Украіне, бо там яго адразу адправяць за краты, як злачынцу. Людзі абаранілі незалежнасць Украіны, а не гэты прарасейскі “гарант”.
РР: Памеры штрафаў даволі вялікія, ці не так?
Сяргей Антончык: Безумоўна. Штраф – як мае тры пенсіі, дык як яго заплаціць? Прысуды несуразмерныя, але ўлады такім чынам хочуць закрыць людзям рот. Але яны могуць даць і мільярдныя штрафы, але гэта ўсё роўна не зменіць прынцыпы людзей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя