Сяргей Антончык: Тут здаровай логікі шукаць не варта



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык распавёў, чаму ўлады не адмовіліся ад правядзення ваеннага параду 9 траўня.

У той час, калі і Расея, і Казахстан ваенны парад адмянілі, беларускія ўлады прынялі рашэнне не адмяняць мерапрыемства. Заяўлена, што парад плануецца правесці вечарам.

Сяргей Антончык: Правядзенне парада – гэта і насамрэч баль падчас чумы. Улады прымаюць такія рашэнні, якія проста не паддаюцца здароваму сэнсу, тут логікі шукаць не варта, бо вы яе ніколі не знойдзеце.

РР: Для ўладаў парад – справа прынцыпу?

Сяргей Антончык: Яны, відаць, яшчэ не нагуляліся ў вайнушку. Замест таго, каб аддаць сапраўдную даніну павагі нешматлікім ветэранам вайны, якія яшчэ жывыя – забяспечыць іх да канца жыцця ўсім неабходным, даць кватэры, яны гуляюць у танкі і самі красуюцца на трыбунах падчас параду. Ды яшчэ ў такі складаны час.

Таму ўлады жывуць нейкім сваім жыццём, па сваіх законах. Яны не слухаюць, што ім кажуць людзі. Захацелі правесці парад – правядуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя