Сяргей Антончык: Улады сябе загналі ў кут
Вядомы прафсаюзны актывіст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык пракаментаваў падвышэнне пенсійнага ўзросту і распавёў пра далейшае зніжэнне ўзроўню жыцця беларусаў.
Сяргей Антончык: У сітуацыі, калі падвысяць пенсійны ўзрост, як мне падаецца, пачнуць звальняць працуючых пенсіянераў, таму што ніякіх новых працоўных месцаў асабліва чакаць не даводзіцца. І гэта стане вельмі сур’ёзнай праблемай, таму што яна з’явіцца не заўтра, а ёсць ужо сёння. Калі раней людзі сыходзілі на пенсію, то яны маглі падпрацоўваць і нейкім чынам існаваць. А дзе зараз шукаць працу? А з беспрацоўных, якім яшчэ рана на пенсію, могуць стварыць нейкія працоўныя атрады, якія будуць займацца камунальнымі паслугамі альбо стануць іх вывозіць на сельскагаспадарчыя працы. Такія своеасаблівыя “камуны”. Такія справы яшчэ бальшавікі ладзілі, калі людзі працавалі амаль за бясплатна.
РР: Прагнозы сумныя?
Сяргей Антончык: Сумныя, бо працы няма, людзі будуць атрымліваць вельмі мала. І за кошт гэтага, дарэчы, могуць стварацца новыя працоўныя месцы. Напрыклад, чалавек атрымліваў 4 мільёны, а зараз возьмуць двух чалавек, якія будуць зарабляць па 2 мільёны рублёў. Адным словам, падвышэнне пенсійнага ўзросту праблему для дзяржавы не вырашыць, а яшчэ больш яе абвастрыць.
РР: Калі верыць уладам, то самі людзі і выказаліся за падвышэнне пенсійнага ўзросту…
Сяргей Антончык: Мы ўсё жыццё праходзілі гэта, калі ўлады закрываюцца так званай падтрымкай народа. Ужо 90 гадоў беларусы жывуць у такім стане.
РР: Як вы, пенсіянер, ацэньваеце ўсю гэтую сітуацыю?
Сяргей Антончык: Найперш хачу сказаць, што пенсіі ў нас зусім невялікія. Я раней атрымліваў 1 мільён 200 тысяч, а таму ўсё роўна даводзілася працаваць. І працаваў бы ў любым выпадку – была б пенсія альбо не. І, калі мяне звольняць зараз, то за што мне жыць, хаця ўжо атрымліваю 2 мільёны. Але хіба гэта грошы? Іншая рэч, людзей, якія збіраюцца на пенсію, цешыць, што ў іх будзе, хаця і невялікі, але стабільны заробак. А зараз яшчэ трэба дажыць да 63 гадоў, таму народ будзе яшчэ больш незадаволеным становішчам. Улады самі сябе загналі ў кут. Беларусы, натуральна, церпялівы народ, але, калі ўжо нічога не будзе, то людзі могуць і ўзбурыцца. Я сустракаўся не так даўно з рабочымі МТЗ, МАЗа, там заробкі ўпалі, сітуацыя вельмі для ўлады небяспечная.
РР: Тым не менш, сацыяльных выступленняў не чакаецца…
Сяргей Антончык: Не заўжды самая горшая сітуацыя прыводзіць да сацыяльнага выбуху, калі ён не адбываецца стыхійна, як гэта было ў пачатку 90-х. Тады людзі пачынаюць прыстасоўвацца, а галоднымі маніпуляваць вельмі лёгка.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zoonoz.ru