Сяргей Бесараб: Лагер пад Асіповічамі – хутчэй для ахоўнікаў ядзернай зброі, чым для ПВК «Вагнер»



Інфармацыю пра тое, што ў беларускай вёсцы Цэль недалёка ад горада Асіповічы будуецца намётавае мястэчка для збеглых байцоў ПВК „Вагнер”, пракаментаваў радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб.

На думку эксперта, лагер можа рыхтавацца як перавалачны пункт для службы аховы ядзернай зброі, якая паступае з Расеі:

-Вёска Цэль – гэта з 2008 года 465-я ракетная брыгада Беларусі там месціцца. Вёска Цэль гэта іх асноўны плацдарм. Адразу ўзнікае такая лагічная думка – а што для “вагнераўцаў” умоўных іншага месца не знайшлося, як ракетная брыгада? Адразу чамусьці падумаў пра тое, што менавіта гэта нейкія войскі, якія будуць займацца кантролем ядзерных узбраенняў. Сёння дакладна вядома, што па ўсёй краіне лінейна-апартныя залы прыводзяцца ў становішча гатоўнасці па чыгуначным шляхам, якія выкарыстоўваюцца падчас вайны ці нечага такога.

На думку эксперта, тактычная ядзерная зброя, перадача якой была анансаваная прэзідэнтам РФ на пачатак ліпеня, будзе размешчана ў раёне горада Баранавічы, дзе дыслакуецца 61-я знішчальная авіяцыйная база.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Бесараба і з адкрытых крыніц