Сяргей Богдан: Крэмль ня хоча жыццяздольнага вайсковага хаўрусніка



Як развіваецца расейска-беларуская супраца адносна паставак вайсковай тэхнікі ў Беларусь?

Гэтае пытанне беларускія і замежныя СМІ пакінулі амаль па-за ўвагай, піша на старонках “Беларус дайджэст” эксперт фонда Астагорскага Сяргей Богдан.

З экспертам гутарыць карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Валянціна Лаеўская.

РР: Ці гатовая Расея пастаўляць зброю ў Беларусь ці не надта схільная?

Сяргей Богдан: Менск доўга спрабаваў прымаць ад Расеі новыя знішчальнікі для таго, каб абнавіць тэхніку ваенна-паветраных сіл, якія выконваюць немалую задачу, – прыкрываюць жыццёва важныя цэнтры Расеі. І для таго, каб выконваць гэтую задачу неабходныя знішчальнікі. І гэтыя знішчальнікі Беларусь па поўным кошце набыць не можа. І ў сусветнай практыцы гэта даволі часты варыянт, што краіны, якія знаходзяцца ў хаўрусніцкіх стасунках між сабой, атрымліваюць ці перадаюць тэхніку на іншых умовах. Менск, безумоўна, хацеў бы аднавіць тэхніку. І, каб атрымаць гэтыя знішчальнікі, было гады чатыры ці пяць вельмі зацятых перамоваў. Фактычна Расея аказалася гатовая аддаць пэўныя самалёты, якія Менск хацеў мець, якія зараз знаходзяцца ў Баранавічах. А пасля Масква была гатовая аддаць іх афрыканскім краінам, якія ствараюць запазычанасць, але яе не аплочваюць. Аддаюцца самалёты афрыканскім краінам, ад якіх няма гарантыі аплаты. І пры гэтым самалёты не даюцца беларускім паветраным сілам. Расея прапаноўвае сваю нейкую новую дактрыну… Была ў Амерыцы “дактрына Ніксана”, якія казаў: “Мы не будзем дасылаць амерыканскіх вайскоўцаў у пэўныя рэгіёны. Мы дашлем туды амерыканскую тэхніку. І там тубыльныя войскі будуць абараняць свае і нашы, амерыканскія інтарэсы. А “дактрына Пуціна” іншая: “Мы не даем ім тэхнікі. Мы пашлем туды расейскіх жаўнераў”. Калі Пуцін летась адкрыта заявіў, што ў Расеі няма хаўруснікаў, гэта паказвае, што Крэмль не зацікаўлены мець жыццяздольнага хаўрусніка на сваіх рубяжах. Крэмль больш зацікаўлены, каб трымаць усё на кантролі, на вельмі кароткім павадку.

РР: Але Беларусь – дзейны партнёр, разам будуе Саюзную дзяржаву.

Сяргей Богдан: Калі паглядзець, якім чынам Расея ажыццяўляе вайсковае супрацоўніцтва з Беларуссю, то можна бачыць, што расейскае кіраўніцтва не праяўляе аніякай цікаўнасці, каб беларускае войска было баяздольным хаўруснікам. Масква аддае перавагу наладжванню кантроля. Яна плануе паставіць расейскія самалёты з расейскімі лётчыкамі на беларускіх аэрадромах. У Пуціна сапраўды няма хаўруснікаў. Гэта не проста словы.

РР: Чым гэта небяспечна для Беларусі?

Сяргей Богдан: Стратай кантролю ў вайсковай сферы. І гэта не вельмі добрая тэндэнцыя ў плане захавання самастойнасці ад Масквы. Таксама і на міжнароднай арэне па-іншаму пачнуць глядзець на Менск, калі ён адкрыта пачне размяшчаць на сваёй тэрыторыі расейскія вайсковыя адзінкі.

Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя