Сяргей Богдан: На саміце NATO Беларусь разглядаецца як частка Расеі
Перад Самітам NATO, які стартуе 11 ліпеня ў Вільні, выказваецца ўсё больш ідэй, як чальцы блока апішуць сваё ўзаемадзеянне з Украінай. Асобна на Саміце будзе будзе разглядацца і беларускае пытанне, звязанае перш за ўсё з размяшчэннем тактычнай ядравай зброі РФ.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з доктарам палітычных навук, супрацоўнікам Свабоднага ўніверсітэта Берліна Сяргеем Богданам пра тое, якія наступствы чакаюць Беларусь і Украіну па выніках працы Саміту; што азначае запрашэнне Святланы Ціханоўскай на мерапрыемства NATO у Вільні; наколькі імаверна прымяненне ядравай зброі ў рэгіёне і ці чакаць правакацый з боку Беларусі і… Турцыі падчас сходу альянсу на фоне вайны ва Украіне:
РР: Якія вашыя чаканні ад гэтага саміту? Якое месца займае беларускае пытанне?
– Беларускае пытанне на жаль у апошнія гады вельмі моцна „склейваецца” з расейскім. У выніку заняцця пэўнымі актарамі ўнутры самога NATO і Еўразвязу такой пазіцыі, што паміж Беларуссю і Расеяй розніцы няма, то бок фактычна невелюецца гэта розніца на ўзроўні прававога рэгулявання, пра рыторыку ўжо і не кажам. На ўзроўні ізалявання, на ўзроўні пакарання Беларусі за дзеянні Расеі, то адпаведна беларускае пытанне там будзе разглядацца, як кавалак хутчэй за ўсё ціску на Расею. То бок можна націснуць на Калінінградскую вобласць, а можна націснуць на „беларускую вобласць”. Гэта не таму, што Беларусь ёсць „беларуская вобласць”, а таму што пэўныя колы яшчэ напачатку вайны занялі такую пазіцыю. Гэта натуральны працяг таго, як яны падтрымлівалі ўтвораную з удзелам расейскіх аператараў у Беларусі новую апазіцыйную структуру ў 2020 годзе. Гэтая структура дастаткова дэстабілізавала сітуацыю, давяла да ўводу расейскіх войскаў у Беларусь, да выкарыстання беларускай тэрыторыі для агрэсіі супраць Украіны. Зараз тыя ж самыя колы працягваюць нівіляваць адрозненні паміж Беларуссю і Расеяй, фактычна вядучы да скасавання суверэнітэту Беларусі.
РР: Тое, што на саміце будзе прысутнічаць Святлана Ціханоўская, што гэта азначае?
– Гэта азначае, што ўнутры самога саміту гаворка будзе ісці пра павелічэнне ціску на Беларусь, пра павелічэнне ізаляцыі, пра магчымыя варыянты сілавога сцэнару, то бок проста інтэрвенцыю ў Беларусь. Гэта будзе азначаць, што Беларусь будзе далей заштурхоўвацца ў „абдымкі” Пуціна.
РР: Ці можна чакаць нейкіх правакацый?
– Я не думаю, што тыя людзі, якія зараз кіруюць беларускай дзяржавай, схільныя да нейкіх рызыкоўных варыянтаў рашэнняў. Запас трываласці ў беларускай дзяржавы ён вельмі невялікі. З гэтага боку правакацый наўрад ці варта чакаць. Для Літвы пытанне правядзення саміту – гэта пытанне вельмі важнае. Дапускаць узнікнення нейкіх сітуацый на мяжы, яны таксама бадай што не будуць. Хутчэй за ўсё саміт будзе скарыстаны для таго, каб зрабіць больш жорсткім памежны рэжым. Літва пра гэта гаворыць ужо даволі даўно, іншая справа, што яны хацелі закрыць мяжу цалкам, канчаткова. Мяжа ўжо напалову зачынена, але Літва хацела б закрыць мяжу цалкам разам з іншымі суседнімі дзяржавамі, га што відаць пакуль няма дамоўленасці. Гэтыя часовыя меры звычайна пасля проста нікуды не сыходзяць, а застаюцца.
З „Госцем Рацыі” – доктарам палітычных навук, супрацоўнікам Свабоднага ўніверсітэта Берліна Сяргеем Богданам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя