Сяргей Бульба: Лёс Беларусі будзе вызначаць альбо Расея, альбо Украіна



У чаканні на незалежнасць Новай Беларусі шмат спадзеваў выклікала нядаўняе вызваленне Херсона ад расейскай акупацыі. Маўляў, хутка будуць змены і ў беларускай дзяржаве пасля паразы Расеі ў вайне з Украінай. Аднак хто зможа атрымаць уладу ў Беларусі ў новых умовах: стабільны рэжым Лукашэнкі, ці Аб’яднаны Пераходны Кабінет, які зведаў за апошні час арганізацыйны крызіс, ці полк Каліноўскага, а мо і сам беларускі народ?

Вольга Сямашка пагутырала з былым вайскоўцам, заснавальнікам «Белага Легіёну» Сяргеям Бульбам пра тое, навошта ў Гародні адкрываецца Генконсульства Расеі ў Беларусі, як можна вырашыць крызіс Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і які лёс чакае тэрыторыю Беларусі пасля перамогі Украіны ў вайне Расеі:

– Падзеі ў Херосне і сама хада вайны Расеі ва Украіне зрушылася ў станоўчы бок, і што можа чакаць Беларусь у бліжэйшыя часы?

– Яна зрушылася ў псіхалагічным плане ўжо крайні месяц. Украіна ўжо ўсур’ёз пачынае разглядаць сябе як пераможцу, натуральна прымярае на сябе трафеі. Адкрыю сакрэт, што ўкраінскія алігархі паціху пачынаюць дзяліць паміж сабой беларускае майно, то-бок яны ўжо прыглядаюцца, каму што падабаецца. Яны цалкам разглядаюць сябе як пераможцы. Унутры сілавых структур і каля іх, сярод украінскіх уладаў, бытуе такая думка пра тое, як яны гавораць, Маскву нам дабіць не дадуць, не дасць калектыўны Захад разам са Штатамі, а вось зачысціць Беларусь яны цалкам разумеюць, што гэта будзе іхняя задача. Вось такая новая тэндэнцыя, канцэпцыя.

– То-бок, Беларусь будзе не проста разменнай манетай у гэтай вайне, так бы мовіць, падачкай Расеі, але можа быць і полем бітвы рэальнай?

– Можа быць, так. Таму што разумееце, зараз вярнуліся нашы землякі-беларусы, якія былі ў Злучаных Штатах, сустракаліся на розных узроўнях, яны прыехалі трошкі засмучаныя, таму што ў Штатах Беларусь ужо не ўспрымаецца, як цікавы, перспектыўны суб’ект, дзе размова толькі разглядаецца ці яна дастанецца Расеі, ці Украіна перахопіць ініцыятыву і стане, скажам так, куратарам па Беларусі.

– І ў гэтых варунках ці можна казаць пра нейкую незалежнасць Беларусі?

– Я, напрыклад, быў прыхільнік беларуска-ўкраінскага саюзу яшчэ з 2014 года, мы выступалі за гэта. На жаль, у 2014 гэтыя словы гучалі не пафасна, яны натуральна ўспрымаліся, як братнія народы. Зараз сітуацыя ў гэтым плане сітуацыя вельмі кепская, таму што адкрыта ўкраінцы заяўляюць, што „вы не свае, вы здраднікі”, але ж тым не менш заўсёды ёсць пласт не настолькі эмацыйных людзей, якія рацыянальна мысляць, і яны разумеюць, што альтэрнатывы балта-чарнаморскай садружнасці і ўкраінска-беларускага саюзу, фактычна і няма.

– І вось існаванне палка Кастуся Каліноўскага, што сабой азначае? Хіба беларусы змагаюцца за тое, каб пасля іх зямля перайшла ў такі перадзел украінска-расейскі?

– Мне шчыра адказаць? Полк Каліноўскага – гэта больш медыйны праект, давайце рэальна разумець. Рэальна ваюе адзін складнік палка Каліноўскага – батальён „Волат”, вось яны рэальна ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, астатнія ж не ўдзельнічаюць, астатнія – штабныя, якія мараць пра сваю палітычную структуру, таму што тыя, хто ваюе – ім не да палітыкі, яны пра гэта так і гавораць. Колькі часу назад у палку Каліноўскага адбылася такая дэмакратычная працэдура, яны паспрабавалі рэйтынгава высветліць, хто з іх самы паважны, самы папулярны. то яны галасаваннем высветлілі, што як раз самыя папулярныя – менавіта тыя, хто ваюе, а не штабныя. У штабных свае планы. У прынцыпе, гэта медыйны праект, што падкрэслівае памятаеце быў такі рэйдэрскі захоп у Адэсе, калі полк Каліноўскага ў іх былі нейкія разборкі, на той момант і Залужны гатовы быў даць каманду распусціць каліноўцаў, перавесці іх усіх на індывідуальныя кантракты, але ж заступілася СБУ, якое так і сказала, што нам трэба медыйны праект.

– І Беларусі не зашкодзіць такі медыйны праект…

– У Беларусі каб была яшчэ справа, а не толькі медыйнасць, цудоўна было б для Беларусі.

– У гэтых варунках вось тая ініцыятыва, якая была прапанавана ў выглядзе законапраекту ў Парламент Украіны аб прызнанні Беларусі залежнай тэрыторыяй акупаванай Расеяй, гэта такі таксама крок, каб мець магчымасць потым Беларусь дзяліць?

– Гэта ў тым ліку і для нас карысна, каб нам потым не выставілі рахункі за зруйнаваную эканоміку Украіны, то прызнанне і для нас змяншае трушкі адказнасць. Ва ўсім ёсць два бакі, тое, што вы гаворыце – таксама.

Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя