Сяргей Чалы: Планы сходу – на ўзроўні студэнцкага рэферата…



Эканаміст Сяргей Чалы распавёў пра тое, каму сёння патрэбны чарговы Усебеларускі хурал.

Нагадаем, 5-ы Усебеларускі народны сход пройдзе ў Менску 22-23 чэрвеня. На абмеркаванне будуць вынесены пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады.

Сяргей Чалы: Наконт планаў, якія будуць ставіцца на сходзе, думаю, казаць не варта, таму што апошнія пяць гадоў прагнозы стабільна не супадалі з рэальнасцю. І верыць у тое, што зараз раптам усё будзе інакш ніякіх падстаў няма. Суадносна, усе гэтыя планы ігралі іншую ролю – матывуючую. Наконт чаго зараз ідуць спрэчкі? Маўляў, давайце павысім прагнозныя лічбы, бо, калі яны будуць маленькія, то ніхто наогул працаваць не будзе. А так, калі вынікі будуць у два разы меншыя, то і гэта добра.

РР: Увогуле, наколькі сёння жыццёва неабходны для краіны такі форум?

Сяргей Чалы: Тут трэба адзначыць, што падобныя сходы звычайна праводзілі перад выбарамі, каб было нешта паказаць народу. Але ж прэзідэнцкія выбары год як прайшлі, а ад сходу не адмовіліся. І, на мой погляд, зараз гэтаму форуму адводзіцца іншая роля. Сутнасць яе ў тым, што наперадзе краіну чакаюць цяжкія гады ў плане эканомікі і неабходнасці вырашаць тыя запыты часу па рэфармаванні савецкай эканомікі, якія яшчэ з 90-х гадоў не былі вырашаны. Мяркую, што сход правядуць для таго, каб “размазаць” адказнасць за выпрацоўку і аўтарства гэтых планаў. Каб пры выпадку пасля можна было сказаць, што гэта не я прыдумаў планы на пяцігодку і нават не ўрад, а яны выпрацаваліся Усебеларускім народным сходам. Хаця усе гэтыя планы – на ўзроўні студэнцкага рэферата на зададзеную тэму, дзе трэба выбраць усё лепшае. Але, калі прыйдзе час адказваць на пытанне, чаму мы аказаліся ля разбітага карыта, адказ будзе прыкладна такі: паколькі задачы прымаліся на народным сходзе, значыцца памыліўся ўвесь народ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя