Сяргей Чалы: Расея не дае Беларусі зарабіць на санкцыях



Заходнія краіны дамовіліся працягнуць санкцыі супраць Расеі да ліпеня 2016 года. Як гэта адаб’ецца на беларускай эканоміцы? Пра гэта распавядае эканаміст Сяргей Чалы.

Вядучыя еўрапейскія краіны і ЗША дамовіліся працягнуць эканамічныя санкцыі супраць Расеі на паўгода. Суадносная дамоўленасць была дасягнута падчас сустрэчы, якая прайшла ў кулуарах саміта G20 у Турцыі, паведамляе Reuters.

666ff223adc1f5d2631f68aed90cc143

Нагадаем, што санкцыі супраць Расеі, якія Еўразвяз увёў у сувязі з далучэннем Крыма і падзеямі на ўсходзе Украіны, дзейнічаюць да канца студзеня 2016 года. Афіцыйна пытанне пра іх працяг будзе, хутчэй за ўсё, разгледжана не пазней снежня 2015 года.

РР: Санкцыі працягнулі, якія наступствы будуць для беларускай эканомікі?

Сяргей Чалы: Нічога новага чакаць не варта, сітуацыя для Беларусі застанецца такая ж, як і ў гэтым годзе. Ніякіх сур’ёзных дывідэндаў краіна ад гэтых санкцый не атрымае. У першыя месяцы пасля іх увядзення на гэта было яшчэ нейкае спадзяванне, а пасля аказалася, што Расея мае дастаткова сродкаў і метадаў, каб не даць зарабіць Беларусі на вайне Масквы з Захадам.

РР: Ці ўдалося, на ваш погляд, беларускім уладам прыставацца да гэтай няпростай сітуацыі?

Сяргей Чалы: Спрабавалі, але, каб сказаць, што з гэтага нешта атрымалася… Мы ж не чуем ні пра якія сумесныя праекты з вытворцамі краін, якія ўваходзяць у санкцыйны спіс, – з той жа Прыбалтыкі, Польшчы. Так што ніякія схемы асабліва не прайшлі. Усё, што адбылося, – дазагрузка ўласных магутнасцей, а гэты патэнцыял абмежаваны. Большых аб’ёмаў не будзе, а новыя вытворчасці не ствараюцца. Ды і складана было чакаць, што так адбудзецца, бо ніхто ж не можа дакладна спрагназаваць, як далей будуць развівацца падзеі. Таму першы імпульс беларускія ўлады выкарысталі – і ўсё.

РР: Можа быць, Расея фінансава падтрымае беларускую эканоміку, якая церпіць з-за ўсходняга суседа?

Сяргей Чалы: Не думаю. У Масквы ж якая логіка? Мала таго, што расейская эканоміка церпіць з-за вайны ва Украіне, дык на гэтым і бліжэйшы саюзнік стараецца пагрэць рукі. Такі падыход іх не задавальняе. Калі ты саюзнік, то пакутуй разам з намі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя