Сяргей Чэрачань: „Дзяржава абавязана бараніць здароўе грамадзян!”
Беларускі палітык, старшыня партыі Грамада Сяргей Чэрачань, які збіраецца сёлета вылучацца прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваў адкрыты зварот у Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю Лукашэнкі.
Зварот звязаны з небяспекай распаўсюду эпідэміі каронавірусу. Сяргей Чэрачань заклікае дзяржаўныя структуры здзейсніць усе прэвентыўныя захады, каб абмежаваць распаўсюд небяспечнай хваробы.
У звароце гаворыцца наступнае:
„У сувязі з некантраляваным распаўсюдам па ўсім свеце смяротна небяспечнага новага каронавіруса і пасіўнасцю і абыякавага стаўлення да гэтага факта беларускіх афіцыйных уладаў, а таксама з-за пасіўнасці і абыякавасці медыцынскіх, адукацыйных і іншых афіцыйных дзяржаўных інстытутаў Беларусі, якія мусяць сачыць за здароўем насельніцтва нашай краіны, звяртаюся да уладаў усіх роўняў, ад вярхоўнай да мясцовых, і да ўсіх іншых дзяржаўных інстытутаў, у першую чаргу медыцынскіх і адукацыйных.
Новы яшчэ не вывучаны каронавірус ужо забраў многа жыццяў у розных кутках нашай планеты і ў розных краінах. Сусветная арганізацыя аховы здароў’я абвесціла яго некантраляваны распаўсюд пандэміяй. Па ўсім свеце ўлады розных краін прымаюць жорсткія меры, каб запаволіць яго распаўсюд і нейтраплізаваць наступствы. Нават ЗША з вельмі высокім роўнем медыцыны, акрамя іншага пайшло нават на абмежаванне ўезду на сваю тэрыторыю людзей з іншых краін, дзе вірус распаўсюджваецца.
Усе суседзі Беларусі тэрмінова прымаюць неадкладныя меры рознага характару. У Польшчы зачыненыя адукацыйныя ўстановы, Расея для прыезджых з небяспечных зон патрабуе хатні двухтыднёвы каранцін, Украіна, прыкладам, нават у Кіеве, дзе не выяўлена аніводнага выпадку заражэння новым каронавірусам, акрамя іншых прафілактычных мер зачыніла ўсе навучальныя ўстановы і праводзіць двойчы на дзень дэзінфекцыю грамадскага транспарту. Пералік падобных намаганняў з боку розных краін можна працягваць вельмі доўга. А вось што тычыцца Беларусі, то лічу стаўленне нашых уладаў і іншых дзяржаўных інстытутаў да гэтай праблемы абсалютна фармальным. Іх можна аднесці да фармату злачыннай бяздзейнасці. Запэўніванні нашых структур пра тое, што навучальныя ўстановы працуюць у звычайным рэжыме, іншыя ўстановы таксама, бо ўсё, нібыта, пад кантролем, патрабуюць як мінімум хоць нейкіх больш-менш зразумелых тлумачэнняў. Бо тыя тлумачэнні, што мы чуем, кшталту таго, што наша медыцынская сістэма гатовая да змагання з эпідэміяй, не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Бо нават самага звычайнага сродку абароны, медыцынскай маскі, у продажы знайсці вельмі цяжка, а часамі і немажліва. Нават самых звычайных тлумачэнняў для насельніцтва краіны, як трэба праводзіць асабістую гігіену, дзе не трэба з’яўляцца без крайняй патрэбы і што рабіць пры падазрэннях на хваробу хоць у якога іншага чалавека, папросту знайсці цяжка.
Лічу такую пасіўнасць і абыякавасць злачынным бездеяннем.
Улічваючы небяспеку, якую нясе з сабой новы каронавірус, клапоцячыся пра здароў’е нашых людзей, звяртаюся да ўсіх дзяржаўных структур, каб неадкладна былі прынятыя меры аналагічныя з тымі, якія прымаюцца ў іншых краінах, дзе зафіксаваныя падобныя па колькасці выпадкі заражэння новым каронавірусам. Меры мусяць насіць як тлумачальны, так і дзейсны характар. Насельніцтва Беларусі мае права на інфармацыю і абарону свайго здароў’я з боку дзяржаўных структур. Дзяржаўныя структуры маюць абавязак абараняць здароў’е насельніцтва нашай краіны”.
Беларускае Радыё Рацыя