Сяргей Чэрачэнь: Пасля рэгістрацыі кандыдаты павінны сабрацца і параіцца
Прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах лічыць, што пасля рэгістрацыі незалежныя кандыдаты павінны выпрацаваць адзіную стратэгію далейшага ўдзелу ў кампаніі.
Вынікі рэгістрацыі пакажуць, ці ёсць сэнс працаваць далей паасобку, ці падтрымліваць адзінага дэмакратычнага кандыдата:
– Будзем чакаць вынікаў рэгістрацыі або не рэгістрацыі. А пасля таго, як сам працэс адбудзецца і мы даведаемся пра вынікі, мы з усімі дэмакратычнымі сіламі, спадзяюся, сядзем за стол перамоваў і супольна, калегіяльна вырашым, як будзем працаваць далей. Мы выдатна бачым сітуацыю, што сілавыя структуры ціснуць на дэмакратычных кандыдатаў, і мы мусім усведамляць, што будзе далей.
Сяргей Чэрачэнь кажа, што ў тым выпадку, калі яго зарэгіструюць, і іншыя прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду ўскладуць на яго ролю адзінага кандыдата, ён гатовы да гэтай адказнасці. Калі ж ЦВК не дасць яму магчымасці стаць кандыдатам у прэзідэнты, ён звернецца да сваіх прыхільнікаў, каб яны падтрымалі Віктара Бабарыку ці Валерыя Цапкалу.
Для Сяргея Чэрачня гэта ўжо другая электаральная кампанія: у 2016-м годзе ён балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад праўладнай КПБ, але не набраў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. У 2017-м годзе ён добраахвотна пакінуў шэрагі КПБ, і неўзабаве ўступіў у Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Грмаду. З 2018-га году Сяргей Чэрачэнь ачоліў гэтую партыю, замяніўшы на пасадзе старшыні Станіслава Шушкевіча.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя