Сяргей Чэрачэнь пацвердзіў намер балатавацца на пасаду прэзідэнта



Старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” (БСДГ) Сяргей Чэрачэнь у гутарцы з БелаПАН пацвердзіў раней выказаны намер балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе.

Паводле яго слоў, прызначэнне прэзідэнцкіх выбараў на 9 жніўня, а не на больш позні тэрмін, крыху збіла тэмп мабілізацыі ініцыятыўнай групы. „Для нас гэта трошкі нечакана, таму што ўсё ж такі мы планавалі, што выбары будуць 30 жніўня, — сказаў палітык. — Але ў святле таго, што мы рыхтаваліся ўжо даўно і ў нас ужо ёсць аснова ініцыятыўнай групы, актыў якой цяпер дапаўняецца, у найбліжэйшыя шэсць дзён мы дагонім яе аб’ём да тысячы ці тысячы двухсот чалавек”.

„Паўтаруся, мы павінны былі даакумуляваць людзей на працягу найбліжэйшых трох тыдняў. Мы правялі шмат выязных мерапрыемстваў, шмат размаўлялі з людзьмі — каардынатарамі, зборшчыкамі подпісаў, якія павінны ўдзельнічаць у нашай кампаніі. Але з-за таго, што на тры тыдні практычна былі ссунутыя тэрміны, мы цяпер гэта павінны рабіць у аўральным рэжыме на працягу шасці дзён. Але мы не здымаем сябе з гэтай электаральнай кампаніі”, — заявіў ён.

На пытанне, як яго каманда плануе праводзіць кампанію ва ўмовах пандэміі COVID-19, Чэрачэнь адказаў, што раней партыя звярталася ў Цэнтрвыбаркам з просьбай „прадугледзець магчымасць для каманд кандыдатаў па выдзяленні сродкаў індывідуальнай абароны” — для этапу збору подпісаў. На гэтую просьбу, паводле яго слоў, ЦВК „ніяк не прарэагавала”, таму партыя „будзе гэтыя пытанні закрываць уласнымі сіламі”. „Вядома, гэта вельмі ўскладняе працэс збору подпісаў, бо людзі хвалююцца, мы перажываем. Але мы пастаўленыя ў такія ўмовы, калі нам нельга апускаць рукі і трэба працаваць”, — сказаў кіраўнік БСДГ.

У інтэрв’ю БелаПАН у студзені гэтага года Чэрачэнь заяўляў, што партыя вылучыла яго кандыдатуру для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ў асноўным для таго, каб набрацца палітычнага вопыту. Цяпер жа, паводле слоў палітыка, БСДГ настроеная на перамогу. „Мы правялі каласальную працу, сабралі калектыў з экспертаў і спецыялістаў, мы адчуваем сілу ў нашым калектыве і будзем удзельнічаць у гэтай кампаніі для таго, каб перамагчы”, — заявіў партыйны лідар.

Сяргей Чэрачэнь нарадзіўся ў маі 1985 года ў Крычаве. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. У 2016 годзе вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Камуністычнай партыі Беларусі, выйшаў з яе па ўласным жаданні ў канцы 2017 года. У 2018 годзе быў абраны старшынём БСДГ. На гэтай пасадзе ён змяніў заснавальніка партыі, экс-старшыню Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча. Таксама з 2017 года — старшыня грамадскага аб’яднання „Дыпламатыя”.

Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбудуцца 9 жніўня. Апошні тэрмін для падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў — 15 мая.

Фота bsdg.by