Сяргей Дубавец: Агрэсія і дзеянні квазі-дзяржавы Беларусь не адпавядаюць волі насельнікаў беларускай краіны
Акурат 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі і Сусветны дзень спажыўца ў Беларусі ў сілу ўступае новая рэдакцыя Асноўнага закону краіны. З гэтага дня Лукашэнка ўжо не нясе персанальнай адказнасці за «дзеянні, здзейсненыя на пасадзе Прэзідэнта», у Беларусі пачынае кіраванне Усебеларускі народны сход, а сама краіна страчвае ядзерную нейтральнасць і дае Расеі мажлівасць легальнага размяшчэння на ўласнай тэрыторыі ядзернай зброі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – публіцыстам і мысляром Сяргеем Дубаўцом пра тое, хто зараз кіруе Беларуссю, як вайна ва Ўкраіне паўплывае на беларускія нацыятварэнне ды ідэнтычнасць, і якой, у межах наступаючага забароненага свята Дня Волі, будзе Беларусь надалей, пачынаючы з 15-га сакавіка:
РР: 15 сакавіка ў РБ пачынае дзейнічаць новая Канстытуцыя. Якой Беларусь увойдзе ў 15 сакавіка, і што нам чакаць?
– У звязку з гэтым нам нічога чакаць не выпадае, таму што ніхто гэтай Канстытуцыі не бачыў, ніхто асабліва за яе не галасаваў, і ўвогуле гэта непаразуменне, а не Канстытуцыя. Дзяржава не жыве паводле Канстытуцыі. І так ужо даўно: у нас не да законаў. А паводле Канстытуцыі ў нас крыніцай улады з’яўляецца народ, гэта напісана на самым пачатку. А так, як ён з’яўляецца крыніцай улады, мы пабачылі ў 2020 годзе. Калі ўсе, хто не галасаваў за гэтую ўладу, былі рэпрэсаваныя альбо выгнаныя з краіны. Таму у прынцыпе весці нейкія размовы пра нейкую Канстытуцыю ў Беларусі сёння не выпадае.
РР: На Ваш пункт гледжання, хто зараз кіруе Беларуссю? Лукашэнка, Пуцін, ці нейкая трэцяя сіла?
– Безумоўна рукамі Лукашэнкі кіруе Пуцін, бо Лукашэнка цалкам залежны ад Пуціна, і мусіць выконваць ягоныя распараджэнні. Тым больш мы бачым, што ўся дзейнасць Лукашэнкі ідзе ў фарватары Пуціна: гэта сілавы захоп улады, гэта дзеянні АМАПу, войска, і ўсяго астатняга. Беларусь у 20-ым годзе пасля выбараў была «зачышчаная», як яны казалі ад грамадзянскай супольнасці, то бок фактычна ад народу, і ператвораная ў плацдарм для атакі на Украіну, ці куды там яшчэ захоча Пуцін уварвацца.
РР: Ці можам мы сказаць, што Беларусь гэта нешта кшталту ЛДНР, ці яна яшчэ захоўвае свой суверэнітэт хоць нейкім бокам?
– Тут ёсць адна сур’ёзная рэч, якая часта не бярэцца пад увагу – дзяржава, ці квазі-дзяржава Беларусь, гэта абсалютна розныя рэчы. Калі квазі-дзяржава Беларусь, Рэспубліка Беларусь можа выступаць у ролі агрэсара, то краіна Беларусь, як і кожная іншая, не можа быць агрэсарам. Таму што краіна Беларусь гэта найперш культура, прырода, менталітэт, прычым тут нейкая агрэсія? Зараз Беларусь называюць краінай-агрэсарам, хоць гэта аксюмарон, так не можа быць з ніякай краінай. А што да квазі-дзяржавы – то гэта проста купа чыноўнікаў у адной скрыні, якія не маюць дачынення да Беларусі – краіны як такой. Яны могуць быць агрэсарамі, і з’яўляюцца імі ў дадзенай сітуацыі. Хоць іхнія рашэнні абсалютна не адпавядаюць жаданням і памкненням беларускага народу, які ніколі не быў агрэсарам, і ніколькі не праяўляў ваяўнічасці, асабліва ў дачыненні да суседзяў. У гэтым непаразуменне. Прычым і Захад так піша, што гэта «краіна-агрэсар», але як я казаў вышэй, краіна не можа быць агрэсарам. Нас не разумеюць, а нашыя людзі чуючы такія словы адчуваюць сорам, злосць, ці нешта яшчэ. Абсалютна справядліва адчуваюць унутраны дыскамфорт ад таго, што беларусаў, якія ў большасці сваёй не галасавалі за дзейнічую уладу, і цярпелі ад яе, далучаюць да агрэсараў, адмяняюць візы. Хоць гэта ўдар найперш па іх, па маральнай большасці беларускага народу. Ім чыняць нейкія перашкоды з паступленнем у замежныя ўніверсітэты. Гэта поўнае глупства ідзе ад неразумення таго, што краіна і дзяржава гэта дзве вялікія розніцы.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя