Сяргей Дзікман: Трэба прыводзіць аргументы для адмены смяротнага пакарання
Міжнародная канферэнцыя „Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі” садзейнічала паглыбленню дыялогу і стала чарговым крокам па змяненню стаўлення грамадства да адмены смяротнага пакарання. Такую думку выказаў адзін з ўдзельнікаў мерапрыемства, каардынатар праграм супрацоўніцтва ў Беларусі Дырэктарата па правах чалавека Савета Еўропы Сяргей Дзікман.
Адметнасцю канферэнцыі стала адкрытае абмеркаванне праблемы смяротнага пакарання паміж прадстаўнікамі ўлады, грамадскай супольнасці Беларусі, міжнародных арганізацый.
Па словах Сяргея Дзікмана, Савет Еўропы вітае кожнае такое мерапрыемства
– Неабходна працягваць дыялог як з уладамі, так і ўнутры грамадста. На гэтую праблему не трэба заплюшчваць вочы, і трэба прыводзіць як мага больш аргументаў на карысць адмены смяротнага пакарання. Бачу прагрэс у тым, што за апошнія, як мінімум, два гады ініцыятыва Савета Еўропы па абмеркаванню адмены смяротнага пакарання сустракае разуменне ў беларускіх уладаў.
Беларусь раней мела статус госця Савета Еўропы. Яго магчыма атрымаць нават пры наяўнасці смяротнага пакарання ў краіне. Аднак нельга стаць сябрам гэтай арганізацыі, калі ў краіне захоўваецца смяротнае пакаранне. „Гэта тэхнічны крытэр, ўмова, якую мы не можам абмяркоўваць” – сказаў Сяргей Дзікман.
Ці разлічвае афіцыйны Менск на вяртанне Беларусі ў Савет Еўропы у статусе „госця” і верагоднасць гэтага, – такую магчымась дыпламат не стаў каментаваць.
Па яго словах, самае істотнае, што дыялог працягваецца і прадстаўнікі беларускага боку не выказваюцца супраць яго, а таксама супраць адмены смяротнага пакарання.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя