Сяргей Гоўша: Мы не пабудуем дэмакратычную Беларусь, пакуль не будзе парадку
Бараніць правы чалавека – гэта самае галоўнае і адказнае ў грамадстве і дзяржаве. І тыя людзі, якія гэта робяць, рызыкуюць у Беларусі свабодай і асабістым здароўем.
Адным з адданых абаронцаў правоў чалавека ў Баранавічах з’яўляецца сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяргей Гоўша. Ён распавядае пра тое, чаму прысвяціў сваё жыццё гэтай нялёгкай працы:
– Калі сказаць праўду, я бачу, што мы ніколі не пабудуем дэмакратычную, заможную Беларусь, пакуль не будзе парадку ў гэтай краіне, пакуль не будуць прынятыя добрыя законы, і пакуль яны не будуць выконвацца, і пакуль не будзе падзел улады, як гэта задумвалася, на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
Усё гэта пачыналася ў 1994 годзе добра. Была прынятая Канстытуцыя. Хай яна была не зусім ідэальнай, але на той момант яна была лепшай, што ў нас было.
І вось пасля, калі прыйшоў Аляксандр Рыгоравіч, усё і пачалося. Фактычна незаконна праведзены рэферэндум, пра гэта казаць шмат і не трэба, усе юрысты, праваабаронцы гэта ведаюць. Пачалося галасаванне па зменах у Канстытуцыю, быццам па зменах, а гэта новая Канстытуцыя. Гэта пачалося ў аўторак, а яшчэ не быў надрукаваны варыянт новай Канстытуцыі. Я чытаў, сябры мае, але ж іншыя людзі не чыталі. Асноўная частка грамадства нават і не ведала, што там за змены. Я адразу ў аўторак напісаў заяву і аднёс у пракуратуру. Намеснік пракурора кажа: не, я не буду прымаць у цябе, ідзі вышэй, да самага галоўнага пракурора. Пайшоў туды, галоўны пракурор мне кажа: ідзі ўніз, да намесніка. Я кажу: не, даражэнькія, так не пойдзе, ганяць мяне туды-сюды.
Цалкам гутарку з госцем „Рацыі” Сяргеем Гоўшам слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя