Сяргей Гоўша: Ніхто не разглядае нашы скаргі
Доўгатэрміновы назіральнік за выбарамі ад Беларускага Хельсінскага камітэта Сяргей Гоўша з Баранавіч на шматлікія скаргі ў розныя інстанцыі атрымлівае адпіскі. А Следчы камітэт свае функцыі наогул пераклаў на акруговыя камісіі, хоць ён і сам туды звяртаўся:
– Наконт агітацыйных плакатаў фармата А3, каляровыя, дарагія, па горадзе развешаны, без выходных дадзеных. Хто гэта зрабіў? Следчы камітэт перанакіраваў у акруговую камісію, з акруговай камісіі прыйшоў адказ, што гэта не агітацыйны плакат. Ніхто не разглядае нашы скаргі і цэнтральная камісія гэтаксама. Дапіскі на выбарчых участках або ўкідванні – гэтыя дадзеныя не маюць юрыдычнай сілы, галоўнае што напісала камісія.
Гэтыя скаргі Гоўша накіраваў яшчэ падчас датэрміновага галасавання, а адказы-адпіскі атрымаў толькі цяпер. Сяргей Гоўша лічыць выбары ў Палату прадстаўнікоў фарсам.
Толькі падчас такіх выбараў могуць з’яўляцца агітацыйныя плакаты без выходных дадзеных, а роля назіральнікаў зводзіцца да нуля, кажа Сяргей Гоўша.
Беларускае Радыё Рацыя