Сяргей Калякін: Бабіч – проста пешка ў палітычнай гульні
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, якая роля адведзена былому расейскаму паслу Міхаілу Бабічу ў інтэграцыйных працэсах Беларусі і Расеі.
Нагадаем, што Міхаіл Бабіч быў паслом Расеі ў Беларусі, але з-за пастаянных супярэчнасцей з прадстаўнікамі беларускай улады быў адкліканы Уладзімірам Пуціным у Маскву. Учора стала вядома, што Бабіч прызначаны намеснікам міністра эканамічнага развіцця Расеі. Ён будзе курыраваць узаемадзеянне з СНД і працягне займацца развіццём розных інтэграцыйных працэсаў.
Сяргей Калякін: Мне падаецца, што значнасць фігуры Міхаіла Бабіча некалькі перабольшаная нашымі аналітыкамі. Бабіч – проста пешка ў вялікай палітычнай гульні, бо роля чыноўніка ў любой дзяржаве не вельмі высокая. Яго роля – праводзіць у жыццё дзяржаўную палітыку, і што яму даручана, тое ён будзе выконваць. У той жа час ён мае пэўнае кола паўнамоцтваў, за якія чалавек стараецца не выходзіць.
І тут стасункі пасла з кіраўніцтвам іншай краіны шмат у чым залежаць яшчэ і ад характара таго самага пасла, яго чалавечых якасцей. А дыпламатыя – гэта не канёк Бабіча. Ён у большай ступені чалавек ваенны, таму, відаць, заўсёды адчуваў сябе камандзірам. Дыпламатыя ж – гэта больш тонкі матэрыял.
РР: Зараз у Расеі Міхаіл Бабіч прызначаны намеснікам міністра эканамічнага развіцця…
Сяргей Калякін: Гэта паказвае, што ў Крамлі шануюць гэтага кадра, і ён ім яшчэ спатрэбіцца. Але трэба разумець, што зусім не Міхаіл Бабіч будзе вырашаць пытанне аб інтэграцыі. Гэта ізноў-такі – не яго ўзровень. Няўжо ў нас знешнюю палітыку ажыццяўляе міністр замежных спраў Уладзімір Макей? Макей – такі ж чыноўнік, якія ўсяго толькі праводзіць у жыццё “лінію партыі”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя