Сяргей Калякін: Багатым можа быць толькі той, хто нейкім чынам належыць да ўлады
Калі перакрыць нелегальныя карупцыйныя патокі, якія зараз існуюць у Беларусі, і хаця б палову тых сродакаў накіраваць для грамадства, то медыцыну і адукацыю ў краіне можна зрабіць бясплатнай, – упэўнены старшыня беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Ён выступіў падчас прэзентацыі „Антыкарупцыйнай платформы”, распрацаванай 11-ю палітычнымі партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі Беларусі. Па словах палітыка, яшчэ адной праблемай, якую выклікае гэта праява, з’яўляецца сацыяльная несправядлівасць:
– У нас, згодна сведчанню эканамічных экспертаў, каля 30% даходаў грамадзяне Беларусі атрымліваюць ценевым чынам. І ўсе гэтыя даходы скіраваныя ў бок багатых, а самі багатыя скіраваныя ў вобласць тых людзей, якія нейкім чынам звязаныя з уладай – або сваяцкімі сувязямі, або любоўнымі, або сяброўскімі, або нейкімі іншымі. Бюракратыя перамагла, яна непатапляльная і ні на што не звяртае ўвагу.
А створаная ў краіне сістэма бескантрольнай з боку грамадства ўлады спрыяе гэтаму. Каб зламаць такую заганную сістэму, пры якой узбагачаюцца толькі выбраныя за кошт усяго грамадства, гэта павінна стаць задачай не толькі нейкіх асобных структураў, а ўсяго грамадства, – падкрэсліў старшыня партыі „Справядлівы свет” Сяргей Калякін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя