Сяргей Калякін: Быў самы высокі працэнт фальсіфікацый



„Улада зноў сфабрыкавала вынікі выбараў, каб блакаваць змены ў краіне. Але гэта вельмі небяспечны шлях, які штурхае да грамадзянскай вайны,” – лічыць старшыня Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”, былы кандыдат у дэпутаты Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін

Па яго словах, замест выбараў адбылася спроба паставіць спектакль для міжнародных назіральнікаў. Аднак спектакль быў пастаўлены вельмі няўдала і толькі прадэманстраваў, што выбараў не было:

– Калі не паказваюць, як рэальна прагаласавалі людзі, то паверыць у перамогу, асабліва ў перамогу ашаламляльную ўлады проста нельга. Улада, якая перамагае ашаламляльна, дэманструе гэта любымі спосабамі. Самы просты спосаб даказаць, што яны моцныя і за іх галасуюць людзі – зрабіць адкрыты падлік галасоў. У гэтую кампанію быў самы закрыты падлік галасоў, якога ніколі раней не было. Быў самы высокі працэнт фальсіфікацый з выкарыстаннем двух механізмаў – загону людзей на датэрміновае галасаванне і галасаванне на даму.

„На асобных участках працэнт прагаласаваўшых на даму перавысіў палову ўсіх прагаласаваўшых,” – распавёў Сяргей Калякін.

І гэтыя механізмы фальсіфікаацый былі бачны ўсім. Таму, па яго словах, чаргова перамога ўлады можа абярнуцца для яе ў будучыні вельмі цяжкімі наступствамі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск