Сяргей Калякін: Гэта была шэраговая сустрэча…



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін выказаў сваё меркаванне з нагоды сустрэчы на гэтым тыдні ў Сочы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Сяргей Калякін: Ужо амаль тыдзень абмяркоўваюць сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі, хаця, як мне падаецца, гэта была шэраговая сустрэча. Я не ўбачыў, што там прымаліся нейкія лёсавызначальныя рашэнні, быў нейкі прарыў у стасунках альбо пра нешта канкрэтна дамовіліся.

Хаця некаторыя пытанні былі досыць цікавыя. Здаецца, яшчэ год таму казалі, што з 33 дарожных мапаў узгаднілі 32, а зараз Лукашэнка сказаў, што не ўзгоднена каля сямі дарожных мапаў. Незразумелыя такія розныя лічбы.

РР: На ваш погляд, што будзе з праектам “паглыбленай інтэграцыі”?

Сяргей Калякін: Праект існуе, хаця і не дзейнічае так, як задумвалася. У пэўнай частцы ён прыносіць карысць беларусам, часткова выгодны і Расеі. Але па многіх накірунках праект стаіць на месцы.

РР: Ці працягне Расея аказваць фінансавую падтрымку Беларусі?

Сяргей Калякін: Пакуль я не бачу ў Масквы вялікага жадання проста так фінансаваць беларускі рэжым, і, як бачым, пра крэдыты асабліва чуваць не было па выніках апошняй сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі. Магчыма, надалей Крэмль будзе дзейнічаць па прынцыпе: “Раніцай – грошы, вечарам – крэслы”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя